Ужо сёння ў Беларусі распачаўся працэс датэрміновага галасавання, а значыць масавага добраахвотна-прымусовага загону беларусаў да непасрэднага ўдзелу ў так званых выбарах. Пра гэта, а таксама пра цяперашні стан Беларусі і навокал яе наш журналіст Юрась Дзяшук гутарыць з Госцем Рацыі – палітолагам, прадстаўніком руху «Вольная Беларусь» Паўлам Усавым.

РР: Стан нашай сённяшняй Беларусі ўнутры і звонку, як ён выглядае?
Павел Усаў: Відавочна, што сітуацыя вельмі цяжкая. Па сутнасці, крызіс дзяржавы і крызіс улады з той прычыны, што ўлада не кантралюе геапалітычную прастору і не з’яўляецца геапалітычным суб’ектам. Крызіс дзяржавы выражаецца ў тым, што нягледзячы на тое, што Беларусь фармальна застаючыся незалежнай краінай і існуючай на мапе Еўропы, тым не менш, знаходзіцца пад гібрыднай акупацыяй Расеі і выкарыстоўваецца для мілітарысцкіх мэтаў, у тым ліку, як плацдарм для нападу на Украіну і таксама як пагроза для бяспекі Захаду. Што, канешне, адбіваецца на беларусах як унутры краіны, так і на беларусах, якія выехалі. Гэта выражаецца ў шматлікіх абмежаваннях на выезд, на атрыманне візаў. Гэта выражаецца ў шматлікіх сістэмных санкцыях, якія ізалююць Беларусь у гуманітарным аспекце, у эканамічным, сацыяльным аспектах ад Захаду і прыводзяць да павелічэння ўплываў Расеі і залежнасці, у тым ліку сацыяльнай і эканамічнай, што таксама яшчэ больш аслабляе незалежнасць, падрывае дзяржаўныя асновы Беларусі і стварае комплексныя праблемы ў будучым. Менавіта праблемы, якія звязаныя з тым, як пасля гэтага выходзіць з такой залежнасці ад Расеі.
Што тычыцца вонкавых аспектаў, гэтыя абмежаванні не даюць магчымасці людзям, якія з’ехалі, камунікаваць са сваімі роднымі ці запрашаць іх да сябе. Немагчымасць рэгулярных кантактаў і выездаў за мяжу, бо такі ўплыў, камунікацыі падмацоўваюць нацыянальныя настроі, антылукашэнкаўскія настроі ў Беларусі. І абмежаванне забівае арыентацыі праеўрапейскія, яно забівае надзеі. І канешне ў выніку шматлікіх комплексных абмежаванняў і санкцыяў беларусы таксама сустракаюцца з шэрагам праблемаў за мяжой. Гэта і легалізацыя і як вынік – прыклад Верамейчыка, які не змог знайсці прытулку ані ў Літве, ані ў Польшчы. І апынуўся ў лукашэнкаўскай вязніцы. Гэта ўсё вынік тых цяжкасцяў, надуманых праблемаў па бяспецы, па якіх беларусы разглядаюцца як патэнцыйныя ворагі.
І асноўная задача сёння беларускіх палітычных структур, колаў – гэта як знайсці выхад з сітуацыі не толькі па абмежаваннях, па аслабленні дзяржаўнага суверэнітэта, але таксама па пытаннях вызвалення палітвязняў у той сітуацыі, у якой на сённяшні дзень існуе Беларусь – у сітуацыі стабілізацыі рэжыму. На дадзены момант апазіцыя не паспявае за тымі працэсамі, якія адбываюцца. Яна не мае ініцыятывы, яна не можа навязаць рэжыму нейкую сваю гульню. Усё зводзіцца выключна да санкцыйнай палітыкі, якая павялічвае праблемы беларусаў, а не вырашае праблемы палітычных вязняў, не вырашае праблемы залежнасці ад Расеі, не вырашае праблемы рэпрэсій. То бок, дзейнасць апазіцыі на сённяшні дзень у тупіку. Мы прапануем іншы падыход – падыход умоўнага збліжэння з рэжымам Лукашэнкі. Не прызнанне, а гэта можна назваць збліжэннем, якое магло б прывесці да вырашэння практычных рэчаў. Перш за ўсё, вызваленню палітычных вязняў, па-другое, змяншэння рэпрэсіяў. Нельга чакаць, што Лукашэнка вернецца да палітыкі лібералізацыі – гэтага не адбудзецца. І трэці момант – гэта паляпшэнне камунікацыі беларускага грамадства з Захадам і практычных камунікацый, паляпшэння сітуацыі на межах, адкрыццё прапускных пунктаў. Ну і ў геапалітычным кантэксце – змяншэнне напружанасці ў адносінах з Захадам. Напружанасці ў мілітарысцкім аспекце і напружанасці ў міграцыйным, нелегальнай міграцыі. Гэтыя пытанні можна вырашыць шляхам збліжэння. Гэта не азначае “перагарнуць старонку”. Гэта азначае працэс, які будзе накіраваны на вырашэнне канкрэтных пытанняў гуманітарнага, стратэгічнага плану і пытанняў бяспекі.

РР: Ці Рух “Вольная Беларусь” гатовы выступіць такім мадэратарам альбо пасярэднікам паміж дэмакратычнай супольнасцю, людзьмі, якія выехалі з Беларусі, і дыктатарскім рэжымам?
Павел Усаў: Скажам так, мы не збіраемся быць нейкімі пасярэднікамі, і не прэтэндуем на гэтую ролю, я думаю, што ў палітычных колах Захаду хапае рэсурсаў, каб дзейнічаць без нейкіх пасярэднікаў, каналаў шмат, механізмаў шмат. Проста патрэбна воля і разуменне таго, што сітуацыя змянілася, што сітуацыя, з аднаго боку, крытычная, з іншага боку – відавочна, што Лукашэнка намагаецца нейкім чынам размарозіць адносіны з Захадам. І гэтую сітуацыю варта выкарыстаць. Гэта азначае палепшыць хаця б сітуацыю з палітычнымі вязнямі, з грамадствам і дзеля гэтага неабходна проста ўзяць на сябе палітычную адказнасць.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя