Яшчэ адзін знакавы беларускі палітык, лідар сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Мікалай Статкевіч на волі. Пра гэта 19 лютага першая ў сваім Фэйсбуку паведаміла яго жонка Марына Адамовіч. Яна адзначыла, што муж перанёс інсульт, зараз знаходзіцца разам з ёй ужо дома.

Паводле выконваючага абавязкі старшыні партыі “Народная Грамада” Яўгена Вільскага, ён і ўсе сябры партыі былі вельмі рады гэтай навіне і сустрэлі яе нават са слёзамі радасці на вачах:
– Уражанне ў мняе адно: бязмернае шчасце. Я чалавек вельмі стрыманы, але ў мяне слёзы на вачах. Я проста шчаслывы. Нават не магу выказаць свае пачуцці.
Сяргей Спарыш, паплечнік Статкевіча: Пачуцці прыкладна такія ж, як я яго ўбачыў у турме КДБ. Я не магу гэта патлумачыць словамі. Гэта штосьці невытлумачальнае. Канешне, інсульт – гэта сур’ёзная праблема. Аднак, спадземся, ён выкараскаецца.
Алена Філатава, выконваючая абавязкі генеральнага сакратара партыі «Народная Грамада»: Гэта была радасць да слёз, шчыра скажу, таму што тыя эмоцыі, якія мы адчулі, іх немагчыма ні падрабіць, немагчыма справакаваць нейкімі іншымі падзеямі. Для нас гэта вялікае чаканне, мы вельмі шмат рабілі для таго, каб ён быў на волі, каб з ім усё было добра.
Як зазначае Алена Філатава, зараз іх партыя і так знаходзіцца на лідарскіх пазіцыях, а з выхадам на волю Мікалая Статкевіча, яна яшчэ больш узмацніцца.
Нагадаем, Мікалая Статкевіча ўлады Беларусі ў снежні 2021 года асудзілі на 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму за быццам арганізацыю масавых беспарадкаў. Пакаранне ён адбываў у Глыбоцкай калоніі. 11 верасня 2025 года яго вызвалілі і спрабавалі вывезці з краіны разам з іншымі палітвязнямі, але ён гэтаму супрацівіўся. Пасля пра яго не было звестак, а 19 лютага стала вядома пра яго вызваленне.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






