21 чэрвеня ў МЗС Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Арменіі ў Рэспубліцы Беларусь Нарака Тыратурана. “Дыпламаты абмеркавалі шэраг актуальных пытанняў двухбаковых адносін, перспектывы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ў сумесных інтэграцыйных структурах. Армянскаму боку перададзена адпаведная нота МЗС Беларусі“, – гаворыцца ў паведамленні МЗС.

Адбылося гэта на наступны дзень пасля сустрэчы кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святланы Ціханоўскай з кіраўніком армянскага МЗС. Пра гэтую ўзаемасувязь у паведамленні МЗС РБ нічога не гаворыцца.
Сустрэча Ціханоўскай з кіраўніком МЗС Арменіі адбылася пасля выказванняў прэм’ер-міністра краіны Ніколы Пашыняна, які 13 чэрвеня заявіў, што ні ён, ні іншы армянскі чыноўнік не наведае Беларусь, пакуль ва ўладзе застаецца Аляксандр Лукашэнка. Пашынян таксама лічыць, што Лукашэнка мусіць папрасіць прабачэння за тое, што “жадаў перамогі Азербайджана” ў канфлікце ў Нагорным Карабаху.
Беларускае Радыё Рацыя