Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз пракаментаваў сітуацыю з асуджаным у Беларусі да найвышэйшай меры пакарання грамадзянінам Нямеччыны.

У прыватнасці Глаз заявіў: «Кантакты з нямецкім бокам па дадзенай тэме, вядома ж, былі.. У поўнай адпаведнасці з міжнароднымі нормамі і двухбаковымі пагадненнямі беларускім бокам забяспечаны да гэтай асобы консульскі доступ».
Таксама з каментара Анатоля Глаза вынікае, што цяпер вядуцца кантакты паміж зацікаўленымі ведамствамі Беларусі і Нямеччыны ў справе будучыні асуджанага Рыка Крыгера.
Як паведамлялася, 19 ліпеня стала вядома пра смяротны прысуд у Беларусі для грамадзяніна Нямеччыны, які быў вынесены 24 чэрвеня. Суд праходзіў у Менскім абласным судзе. Паводле інфармацыі «Вясны», Крыгера прызналі вінаватым у тэрарызме і наёмніцтве.
У сваю чаргу намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павал Латушка лічыць, што вынясенне ў Беларусі смяротнага выраку грамадзяніну Германіі “можна трактаваць як дзеянні тэрарыста, і Лукашэнка такім з’яўляецца. Ён здзяйсняў акты дзяржаўнага тэрарызму ўжо неаднаразова. Давайце згадаем хаця б захоп еўрапейскага грамадзянскага самалёта ў небе над Беларуссю”.
На думку Латушкі, за жыццё грамадзяніна ФРГ Лукашэнка “просіць нейкую цану, выкуп, абмен”, гэта “яшчэ раз сведчыць пра тое, што гэта акт тэрарызму”.
Беларускае Радыё Рацыя






