Міністэрства замежных спраў Польшчы апублікавала на сваім сайце заяву з нагоды першай гадавіны абвяшчэння прысуду Анджэю Пачобуту.

“Сёння спаўняецца год, як віцэ-старшыня Саюза палякаў на Беларусі, незалежны прадстаўнік беларускай журналісцкай супольнасці Анджэй Пачобут быў асуджаны на 8 гадоў зняволення. Яго вызваленне застаецца прыярытэтам для Міністэрства замежных спраў”, – адзначаецца ў заяве.
“Міністэрства рашуча выступае супраць выкарыстання палякаў у Беларусі ў якасці закладнікаў уладаў у Менску і паўтарае свой заклік да неадкладнага, безумоўнага вызвалення і апраўдання Анджэя Пачобута і іншых палітычных зняволеных. …Пачобут стаў сімвалам беспрэцэдэнтных рэпрэсій, але таксама і барацьбы за правы на захаванне традыцый продкаў, вывучэнне польскай мовы і абарону месцаў памяці, захаванне агульнай для палякаў і беларускай спадчыны…Міністэрства замежных спраў настойліва заклікае ўлады Беларусі паважаць міжнароднае права і двухбаковыя пагадненні ў частцы абароны правоў нацыянальных меншасцей”, – гаворыцца ў заяве.
Беларускае Радыё Рацыя






