МЗС Польшчы выказала расчараванне ў сувязі з выбарамі ў Беларусі, «праведзенымі з парушэннем асноўных дэмакратычных працэдур».

Дзеянні ўладаў «не дазволілі незалежным кандыдатам узяць удзел у выбарах», кампанія «суправаджалася рэпрэсіямі ў дачыненні палітычных апанентаў і запалохваннем прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці», гаворыцца ў заяве замежнапалітычнага ведамства краіны.
«Ва ўмовах паўсюднай цэнзуры і дзяржаўнай прапаганды значная частка беларусаў не мела доступу да незалежнай і дакладнай інфармацыі. У выніку гэтых дзеянняў беларускае грамадства было фактычна пазбаўлена права голасу», — падкрэсліў МЗС Польшчы.
Гэтыя чыннікі «не дазваляюць лічыць вынікі выбараў вартымі даверу і тымі, якія адлюстроўваюць волю беларускага народу, які неаднойчы ў найноўшай гісторыі дэманстраваў сваю сталасць і разуменне дэмакратычных працэсаў».
«Польшча нязменна заклікае ўлады Беларусі пачаць працэс, які прывядзе да стварэння сапраўды свабоднай і дэмакратычнай Беларусі без палітычных зняволеных і пераследу, і якой будуць ганарыцца ўсе грамадзяне», — зазначаецца ў заяве.
Беларускае Радыё Рацыя






