BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

На Дональда Трампа здзейснены замах, ён паранены

Стрэлы раздаліся падчас выступу кандыдата ў прэзідэнты ЗША Дональда Трампа на перадвыбарчым мітынгу ў Пенсільваніі, паведамляе BBC News. Ён перапыніў прамову і пакінуў пляцоўку. Той, хто страляў, забіты, загінуў таксама як мінімум адзін удзельнік мітынгу, паведаміў акруговы пракурор.

Адразу ж пасля пачатку стральбы Трамп прыгнуўся да трыбуны, да яго падбеглі целаахоўнікі і павялі яго. Перад адыходам палітык памахаў рукой, сціснутай у кулак.

На відэакадрах відаць, што ў Трампа акрываўлена правае вуха.

Кандыдат у прэзідэнты ад рэспубліканскай партыі звяртаўся да сваіх прыхільнікаў у Батлеры, штат Пенсільванія – рашаючым штаце на маючых адбыцца лістападаўскіх выбарах.

За спіной Трамп былі яго прыхільнікі з плакатамі. Калі пачуліся стрэлы, яны таксама прыгнуліся.

Мяркуючы па кадрах трансляцыі, стрэлы раздаліся, калі Трамп распавядаў пра колькасць нелегальных мігрантаў у ЗША.

Прадстаўнік Трампа Стывен Чанг заявіў, што былы прэзідэнт знаходзіцца ў шпіталі, дзе яго стан ацэньваюць лекары. «Прэзідэнт Трамп дзякуе супрацоўнікам праваахоўных органаў і экстраных службаў за хуткую рэакцыю падчас гэтай абуральнай падзеі. З ім усё ў парадку, ён на аглядзе ў мясцовым шпіталі».

Адзін чалавек, які сядзеў за Трампам — забіты. Выданне The New York Post са спасылкай на крыніцы называе імя стралка —Томас Мэцью Крукс. Яго матывы невядомыя.