
фота APA
Незалежны кандыдат на выбарах прэзідэнта ЗША Роберт Кенэдзі-малодшы падчас выступу ў штаце Арызона заявіў, што выключыць сваё імя з бюлетэняў у штатах, якія “вагаюцца”, але застанецца ў гонцы.
Ён растлумачыў, што раней паабяцаў зняць сваю кандыдатуру, калі стане спойлерам (кандыдатам, які не мае шанцаў перамагчы, але які адцягвае на сябе частку галасоў). Ён дадаў, што не верыць, што зможа перамагчы пры цяперашняй сістэме.
“Я не заканчваю сваю кампанію, маё імя застанецца ў бюлетэні ў многіх штатах… Прыкладна ў 10 штатах (якія вагаюцца), дзе мая прысутнасць будзе спойлерам, я прыбяру сваё імя з бюлетэняў”, — заявіў Кенэдзі-малодшы, падкрэсліўшы, што прыпыняе кампанію, але не заканчвае яе. Кенэдзі заявіў, што падтрымае кандыдата ад рэспубліканскай партыі – Дональда Трампа.
Ён таксама адзначыў, што не хоча павялічваць шансы на перамогу Дэмакратычнай партыі, якая, на яго думку, цэнзуруе журналістаў і сацсеткі і робіць захады па супрацьдзеянні яму і кандыдату ад рэспубліканцаў Дональду Трампу.
Па словах кандыдата, ён верыць, што змог бы перамагчы ў сумленнай сістэме, з сумленнымі папярэднімі выбарамі, адкрытымі дэбатамі і незалежнымі СМІ.
Да гэтага Дональд Трамп выказаў гатовасць разгледзець кандыдатуру Роберта Кенэдзі-малодшага для сваёй адміністрацыі, калі той вырашыць выйсці з гонкі і падтрымаць яго.






