У Польшчы – напружаная палітычная сітуацыя, звязаная са зменамі ўлады пасля парламенцкіх выбараў 15 кастрычніка мінулага года. Напярэдадні былі арыштаваныя былыя кіраўнікі Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро Марыюш Камінскі і Мацей Вонсік, якія перад гэтым страцілі дэпутацкую недатыкальнасць у польскім Сейме, дзе прадстаўлялі партыю “Права і Справядлівасць”.

Арышт звязаны з судовым рашэннем – два гады зняволення кожнаму за перавышэнне службовых паўнамоцтваў і невыкананне абавязкаў.
Ва ўрадзе ПіС Марыюш Камінскі быў міністрам унутраных спраў. Як стала вядома, сёння ён абвясціў пра пачатак галадоўкі пратэсту. Каля поўдня з адмысловым зваротам мае выступіць прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Кіроўная кааліцыя на чале з прэм’ерам Дональдам Тускам у сваю чаргу заяўляе, што будзе паслядоўная ў вяртанні дзяржавы “на законныя рэйкі”. У сувязі з крызіснай сітуацыяй маршалак Шыман Галоўня перанёс чарговае пасяджэнне Сейму.
Беларускае Радыё Рацыя






