BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Нармалізацыя паміж Менскам і ЗША залежыць не толькі ад Трампа і Лукашэнкі”

Госць Рацыі – гісторык і палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман. З ім абмяркуем тэму вызвалення беларускіх палітвязняў. Чарговая хваля адбылася пасля сустрэчы ў Менску Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам. На волю выйшаў, сярод іншых, Сяргей Ціханоўскі.

Фота з адкрытых крыніц

РР: Як Вы ацэньваеце такі крок з боку ўладаў Беларусі?

Аляксандр Фрыдман: Відавочна, што вырашаў гэтае пытанне Аляксандр Лукашэнка. І хутчэй за ўсё, гэта не вельмі простае для яго было рашэнне. У рэшце рэшт Сяргей Цханоўскі – гэта яго асабісты вораг. Але падаецца, што тыя магчымасці, якія Лукашэнка зараз бачыць, хутчэй нават яго надзеі на паляпшэнне стасункаў з ЗША – гэта для яго зараз больш важнае. Таму я б разглядаў выхад Ціханоўскага, як свайго кшталту інвестыцыю Лукашэнкі ў паляпшэнне беларуска-амерыканскіх стасункаў.

РР: Але вядома, першае пытанне з’явілася: што ў абмен пайшло? Ці мы можам толькі фантазіраваць, што амерыканцы Лукашэнку маглі паабяцаць?

Аляксандр Фрыдман: Мне падаецца, што мы не маем тут справы з нечым кшталту здзелкі. Хаця б таму, што я не бачу з боку сённяшняй амарыканскай адмінітрацыі такой сур’ёзнай зацікаўленасці праблематыкай правоў чалавека, свабодаў, лёсам палітвязняў, калі амерыканцы не робяць гэта ні ў адной краіне, калі яны не цікавяцца гэтымі пытаннямі. Нават няма ўжо афіцыйных выказванняў амерыканскага боку наконт становішча ў Беларусі з правамі чалавека.  Чаму мы павінны лічыць, што яны раптам захочуць нешта аддаць Лукашэнку за вызваленне Сяргея Ціханоўскага? Мяркую, што гэта свайго кшталту інвестыцыя. Лукашэнка паказвае, што ён гатовы збліжацца з амерыканцамі і ён гатовы прапанаваць тое, што ў яго ёсць дзеля нармалізацыі беларуска-амерыканскіх стасункаў. Пакуль, мне падаецца, гаворка ідзе агульна пра нармалізацыю адносінаў. Канешне, Лукашэнка казаў пра санкцыі і пра іншае падчас гэтых перамоваў, але я думаю, што вось канкрэтна кейс Ціханоўскага – гэта была спроба з боку Лукашэнкі прапанаваць амерыканцам нешта канкрэтнае і тым самым прадэманстраваць сваю гатоўнасць да паляпшэння стасункаў. Я зусім не ўпэўнены, што вось менавіта за вызваленне Ціханоўскага зараз будзе нейкі крок з боку амерыканцаў. Але верагоднасць таго, што кансультацыі працягнуцца і ў рэшце рэшт усё скончыцца нармалізацыяй стасункаў, такая верагоднасць, безумоўна, існуе.

РР: Меркантыльна можа скажу, можа не Ціханоўскім амерыканцы былі зацікаўлены, а нейкім з тых 13 асобаў?

 Аляксандр Фрыдман: Безумоўна. Калі мы паглядзім на канфігурацыю гэтага абмену, пераважная большасць – гэта людзі, якія звязаныя з іншымі краінамі. То бок, амерыканцы, калі яны дамагліся вызвалення гэтых людзей, яны прадэманстравалі таксама сваім саюзнікам, што яны моцныя, што яны ў стане дасягнуць гэтага. Першым прыярытэтам у стасунках з Беларуссю было вызваленне амерыканскіх грамадзян. Зараз пераключыліся і на іншых грамадзян. Калі ўжо гаварыць пра беларускіх палітвязняў, то тут, я думаю, амерыканцаў пераважна магло зацікавіць нешта буйное. Вось калі мы возьмем гісторыю Сяргея Ціханоўскага і Святланы Ціханоўскай, то гэта амаль галівудская гісторыя. Жанчына, якая ідзе змагацца за свайго мужа. Потым удзельнічае ў прэзідэнцкіх выбарах, становіцца лідаркай беларускіх дэмакратычных сілаў. Змагаецца за ягонае вызваленне. Ён застаецца ў вельмі цяжкіх умовах за кратамі. А потым з дапамогай амерыканскага прэзідэнта яго вызваляюць. Таму гэта тая гісторыя, якая, мне падаецца,  магла б зацікавіць прэзідэнта Трампа. І яна зацікавіла. Прэзідэнт Трамп за ўвесь час, як ён знаходзіцца ва ўладзе, упершыню  звярнуўся да беларускай тэмы ў кантэксце Сяргея Ціханоўскага, калі ён запосціў у сваёй сетцы артыкул, дзе падкрэсліваецца, што Ціханоўскага вызвалілі, дзякуючы намаганням Трампа.

РР: Ці гэта можа быць пачаткам доўгай дарогі да нармалізацыі стасункаў паміж ЗША і Беларуссю? Які гэта можа быць ровень нармалізацыі?

Аляксандр Фрыдман: Лукашэнкаўскі бок, відавочна, будзе рабіць і далейшыя крокі, яны ў захапленні ад таго, што адбылося. Яны хацелі б працяваць. Як казаў прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў, які адыграў відавочна важную тэхнічную ролю ў падрыхтоўцы гэтых перамоваў з Келагам, яны чакалі нармалізацыі. Яны гатовы пайсці на нармалізацыю. Але, як мне падаецца, нармалізацыя стасункаў паміж Менскам і Вашынгтонам залежыць не толькі ад Трампа і Лукашэнкі. Вельмі цяжка ўявіць, што нармалізацыі канчатковай паміж Вашынгтонам і Масквой не адбудзецца,  а паміж Менскам і Вашынгтонам адбудзецца. У агульным кантэксце адыгрывае ключавую ролю, як будуць разгортвацца падзеі ва Украіне, як будуць разгортвацца амерыканска-расейскія стасункі. Вось ад гэтага залежыць, ці атрымаецца ў Лукашэнкі. Але відавочна сёння, што ўсё, што залежыць ад Лукашэнкі, ён усё робіць. Ён нават вызваліў Ціханоўскага. І тым самым падкрэслівае, што гатовы вызваліць усіх. Пытанне толькі, што ён за гэта атрымае?

Цалкам гутарка:

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя