BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Нарвегія накіруе свае знішчальнікі ў Польшчу для аховы мяжы ад Расеі

Нарвегія ў межах місіі НАТА накіруе свае знішчальнікі F-35 у Польшчу для аховы паветранай прасторы краіны. Як паведамляе Polskie Radio24, нарвежскія самалёты ўжо ў гэтым месяцы пачнуць выкананне баявога дзяжурства.

Фота: Marcin Kurkus

Паводле ўрада Нарвегіі, пілоты, якія будуць базавацца пад Познанню, атрымаюць загад перахопліваць і пры неабходнасці знішчаць варожыя аб’екты — у тым ліку дроны і самалёты, што могуць парушыць паветраную мяжу Польшчы.

«Паўночнаатлантычны альянс папярэдзіў Расею, каб яна не абвастрала сітуацыю. Наша галоўная місія ў Польшчы — абарона тэрыторыі НАТА ад паветраных пагроз. Мы будзем гатовыя перахопліваць любыя аб’екты, што парушаюць паветраную прастору Польшчы», — заявіў намеснік міністра абароны Нарвегіі Андрэас Флаам.

Ён падкрэсліў, што рашэнне аб ужыванні зброі ў кожным канкрэтным выпадку будзе прымаць камандаванне аб’яднаных сіл НАТА ў Еўропе. Паводле яго слоў, альянс мае шырокі арсенал сродкаў, каб прадухіляць паветраныя правакацыі.

«Мы ўзмацнілі назіранне і стрымліванне на ўсходнім флангу альянсу. Ваенная прысутнасць саюзнікаў у краінах, што мяжуюць з Расіяй, істотна павялічылася», — дадаў Флаам.