BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Наш галоўны вораг адзін – гэта рэжым. І давайце змагацца з ім”

Як ахарактарызаваць унутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі? Ці застаўся ў краіне патэнцыял для супраціву пасля гадоў татальных рэпрэсій? І як на працэсы ўнутры краіны можна ўплываць з-за мяжы? Чым карысныя сустрэчы з актывам за мяжой і ці ёсць у гэтым сэнс? Пра гэта і іншае з экс-палітвязнем, блогерам і публіцыстам Міколам Дзядком размаўляе Юлія Сівец.

Мікола Дзядок

РР: У Беластоку прайшла з Вамі сустрэча. З якой мэтай адбылася гэтая сустрэча з прадстаўнікамі дыяспары, мясцовымі беларусамі?

Мікола Дзядок: Сустрэчы свае я ладжу зараз пасля вызвалення перш за ўсё таму, што я адчуваю, што людзі маюць у гэтым патрэбу. Ёсць запыт, мне пішуць, адразу, як я анансаваў імпрэзу ў Беластоку, мне напісалі людзі: а калі ў Лодзь, калі ў Познань і так далей? Ёсць патрэба, магу выказаць здагадку, што людзі хочуць бачыць мяне, хочуць пачуць мае меркаванні па тых ці іншых пытаннях, хочуць паглядзець, наколькі яны супадаюць з іх меркаваннем, хочуць чуць адказы на пытанні, на якіх у іх няма пакуль што адказаў. Такое маё ўражанне. І мэтай маёй сустрэчы было задаволіць гэты запыт. І не будзем крывіць душою, я хачу, каб людзі падпісваліся на мае сацсеткі, каб яны чулі мой голас, слухалі тое, што я кажу, дзяліліся сваімі меркаваннямі. Гэта на сёння адзін з нямногіх шляхоў, якімі мы можам уплываць на будучыню Беларусі.

РР: На гэтыя сустрэчы не прыйдуць людзі, якія ездзяць у Беларусь. Мэтавая група – менавіта дыяспара, якая бліжэйшым часам будзе тут да зменаў у самой Беларусі. Наколькі тады гэтыя сустрэчы ўплываюць на грамадства ўнутры Беларусі?

Мікола Дзядок: Уплываюць. Па-першае, мы жывём у агульнай інфармацыйнай прасторы, як бы не працавалі блакіроўкі,  аб’яўленне экстрэмісцкімі суполак і старонак, мы ведаем, што беларусы глядзяць незалежныя СМІ. Па-другое, усё ж такі не будзем забываць, што нават калі, як вы сказалі, на гэтую сустрэчу не прыйдуць людзі, якія ездзяць у Беларусь, хоць я спадзяюся, што прыйдуць усё роўна, у людзей ёсць сябры, знаёмыя, і людзі стасуюцца, размаўляюць з роднымі, знаёмымі, якія засталіся ў Беларусі. Таму гэтыя сустрэчы ў дыяспары ўплываюць на настроі беларусаў як за межамі Беларусі ў першую чаргу, так і ўнутры Беларусі. Уплыў гэты ўскосны, але ён ёсць. Калі б гэта не было так, то ўлады, рэпрэсіўны рэжым не імкнуліся з такой настойлівасцю разбурыць дыяспару.

РР: Інфармацыю з Беларусі мы атрымліваем кавалкамі. Як Вы лічыце, якая там унутрыпалітычная сітуацыя, ці ёсць патэнцыял для нейкага выбуху, грамадскай актыўнасці?

Мікола Дзядок: Я лічу, што патэнцыял адназначна ёсць. Яго не варта пераацэньваць. Гэта не сярэдзіна 2021 года. І не тая атмасфера, якая была на пачатку вайны, калі адбыўся апошні ўсплеск актыўнасці. Тым не менш, нам важна памятаць, што ўлада вельмі добра разумее тое, што тая праслойка людзей, якая абуджаная была ў 2020 годзе, нікуды не падзелася. Насамрэч, з’ехала з іх толькі невялічкая частка. Была пакараная ў крымінальным парадку і адміністрацыйным з іх толькі невялікая частка. І менавіта гэта ў вялізнай ступені абумоўлівае тое, чаму ўлады не спыняюць рэпрэсіі. Таму што яны разумеюць, што гэтая праслойка жыве побач з імі. Яны адчуваюць, і мы не мусім пра гэта забываць. То бок, людзі не зніклі – гэта самае галоўнае. І другі момант, не зніклі сістэмныя перадумовы, якія могуць абумовіць сацыяльны выбух. То бок, пераважная большасць беларусаў у сваёй свядомасці, у сваіх патрэбах перарасла той рэжым, які зараз існуе ў Беларусі. Гэта адна з нямногіх рэчаў, якая не змянілася за апошнія пяць з паловай гадоў. І галоўнае, што ад нас залежыць – гэта падысці да гэтага моманту ў падрыхтаваным стане.

Мікола Дзядок

РР: Як дыяспара можа ўплываць і ці можа ўплываць на нейкі грамадскі працэс унутры Беларусі?

Мікола Дзядок: Можа. Я не падтрымліваю пункт гледжання, што дыяспара абсалютна ні на што не ўплывае і ўсе перамены будуць рабіцца ўнутры Беларусі. Я больш скажу, ёсць рэчы, якія можа рабіць толькі дыяспара – гэта выбудоўванне моцных незалежных СМІ і акумуляванне фінансавага рэсурсу. Гэта за дыяспару ніхто не зробіць. У беларусаў у Беларусі на дадзены момант такіх мажлівасцяў аб’ектыўна няма. Таму не трэба недаацэньваць дыяспару. Пераацэньваць таксама, канешне, не трэба, але я думаю, тыя перамены, якія да нас прыйдуць, гэта будзе сумесная праца дыяспары і беларусаў у Беларусі. І калі мы нават паглядзім гістарычныя прыклады, ёсць, хаця няшмат, прыкладаў, калі эміграцыя грала асноўную ролю ў скіданні аўтарытарнага рэжыму – гэта Іранская рэвалюцыя 1979 года і Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года. Ленін 25 год пражыў у эміграцыі. Зараз увесь свет жыве ў агульнай інфармацыйнай прасторы, гэта вельмі важна. І я лічу, што ў нас вельмі шмат непачатай працы.

РР: Вы шмат пішаце пра давер, як аснову перамогі. І акурат згадваецца, што ў сацыяльных сетках зараз вельмі шмат скандалаў і сварак. Наколькі востра цяпер праблема адсутнасці даверу да лідараў?

Мікола Дзядок: Праблема гэтая стаіць. Яна стаіць не так востра, як гэтага хацелі б карнікі, якія сеюць сярод нас недавер, але гэтая праблема ўжо дайшла да такога роўню, калі яе трэба вырашаць. Гэта тое, што я казаў на сустрэчы, і тое, што я, відаць, вымушаны буду паўтараць як папугай на ўсіх інтэрв’ю, таму што гэта суперважна зараз. Калі я выйшаў на свабоду, я досыць хутка зразумеў, што ні на што не ставяць дзяржаўныя службы, карнікі, сілавыя службы такі моцны акцэнт, як на разбурэнне даверу сярод беларусаў як унутры краіны, так і па-за яе межамі. Нават за межамі болей, таму што тут існуе мажлівасць сустракацца, казаць тое, што хочаш. І я ўвесь час чуў, што ты, Мікола, тут нікому не давярай, у эміграцыі ўсе агенты праз аднаго, усе даносяць, паўсюль інфарматары КДБ. І я падумаў, калі б я быў кіраўніком КДБ, перашае, што б я рабіў, прымусіў усіх сваіх ворагаў лічыць, што кожны з іх – гэта агент КДБ. Бо калі твой сябра, блізкі, сусед – стукач і тыя яго ў гэтым падазраеш, то ты, кнешне, не будзеш з ім супрацоўнічаць і пачынаць нейкія ініцыятывы. А калі ты так думаеш на ўсіх, то ні з кім і ніколі нічога не пачнеш. А гэта і ёсць мэта. Гэтага яны і дабіваюцца. І мне вельмі сумна, што многія людзі не бачаць, на жаль, такіх відавочных рэчаў, і даюць кэдэбэшнікам якраз тое, што яны хочуць.

Тое самае  і з лідарамі. Зразумела, што адна справа разбурыць давер паміж звычайнымі людзьмі. Іншая справа – разбурыць давер да грамадскага лідара. Я адкрываю любую сацсетку Святланы Ціханоўскай і бачу сотні каментароў ад ботаў, якія проста паліваюць брудам яе, яшчэ кагосьці. Зразумела, па ёй ідзе праца №1, бо яна найбольшае бяльмо ў воку лукашэнкаўскага рэжыму. Але і па астатніх лідарах таксама гэта заўважна. І нельга гэта скідваць толькі на ботаў. На жаль, многія беларусы расчараваныя ці не зусім псіхічна здаровыя, ці проста азлобленыя ад немажлівасці штосьці змяніць, яны пачынаюць грызці саміх сябе, займаюцца аўтаагрэсіяй. І вось гэта я ў дыяспары зараз заўважаю. І я таму кажу, што наш галоўны вораг адзін – гэта рэжым. Давайце змагацца з ім – ні з блогерамі, якія сказалі штосьці вам, ні з Марыяй Калеснікавай, ні з Віктарам Бабарыкам, і ўжо дакладна ні са Святланай Ціханоўскай. Давайце змагацца з рэжымам і накіроўваць на яго сваю энергію. Усё гэта не адмяняе таго, што крытыка павінна існаваць. Але давайце крытыкаваць пазіцыі, а не пераходзіць на асобы, і ні ў якім разе не пераходзіць на абразы і ўсё ж такі кожнаму чалавеку даваць прэзумпцыю даверу.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя