BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Наша наступная задача – дамагчыся вызвалення ўсіх”

Восем палітвязняў з 28 чалавек, вывезеных у Літву, і з 123-х вызваленых 13 снежня, далі прэс-канферэнцыю 22 снежня ў Вільні. Яны распавялі пра тое, што да іх у турмах Беларусі ставіліся па-скоцку, катавалі і пры згадванні ў СМІ некаторых вядомых імён кідалі ў карцар вышэйзгаданых.

Канферэнцыю адкрыла дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская, якая падзякавала палітвязням за стойкасць і мужнасць, а таксама ўсім, хто меў дачыненне да іх вызваленняў:

– Найперш прэзідэнту ЗША Дональду Трампу, спецыяльнаму пасланніку Джону Коўлу і амерыканскім дыпламатам за бліскучую гуманітарную аперацыю. Тое, што адбылося, гэта вызваленне закладнікаў. Але нашая наступная задача – дамагчыся вызвалення ўсіх. Таксама дзякуй Еўрапейскаму звязу і ўсім краінам, якія ўсе гэтыя гады прынцыпова і паслядоўна дамагаюцца вызвалення палітвязняў.

Палітвязень і праваабаронца Уладзімір Лабковіч падзякаваў усім, хто спрыяў яго вызваленню і ўсіх іншых палітвязняў. Паводле яго, асаблівую ўвагу і падтрымку ён адчуваў ад сваіх калег з “Вясны”.

– Безумоўна я адчуваў, што «Вясна» жыве, і гэта было бачна. Гэта было бачна па той рэакцыі, якую я атрымліваў ад адміністрацыі, і я ведаў заўсёды, што яны мяне не пакінуць. Нават калі мяне агортваў адчай і я адчуваў, што ніколі не вызвалюся, то я прынамсі ведаў дакладна, што мая сям’я ў бяспецы, што мае дзеці ў бяспецы і што гэта вялікая заслуга «Вясны».

Нагадаем, зараз у Беларусі знаходзіцца за кратамі 1124 палітвязні. А з пачатку прэзідэнцкай кампаніі-2020 палітвязнямі былі прызнаныя 4297 чалавек

Літаральна сёння, 22 снежня, праваабарончы цэнтр “Вясна” прызнаў яшчэ 23-х чалавек палітзняволенымі.

У той час амерыканскія палітыкі казалі пра магчымае вызваленне тысячы палітычных зняволеных. Застаецца толькі чакаць, калі выпусцяць усіх і рэпрэсіі ў Беларусі скончацца.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя