Ёсць сілы, каб змагацца з дыктатурай, але няма сілаў змагацца з іншымі беларусамі. Так адказвае на крытыку, якая пануе ў беларускай дэмакратычнай супольнасці Святлана Ціханоўская. Гэтымі днямі яна ўдзельнічала ў міжнародным жаночым форуме ў Стакгольме. Там абвясцілі пра стварэнне праграмы развіцця жаночага лідарства, якую падтрымаў шведскі ўрад. Пра жаночае лідарства і не толькі са Святланай Ціханоўскай пагутарыў Улад Грынеўскі.

Святлана Ціханоўская: Што тычыцца канферэнцыі ў Стакгольме, я думаю, што гэта вельмі важны крок дзеля будучыні Беларусі, дзеля разумення, што жанчыны і мужчыны маюць роўныя правы і асабліва гэта важна для феміністак. Я думаю, што 2020 год змяніў вельмі шмат у разуменні людзей, што дэмакратычны спосаб мышлення зараз пануе сярод беларусаў, а там дзе дэмакратыя, там і роўнасць. Але, канешне, гэтая канферэнцыя – гэта толькі частка дзейнасці, якую робіць дэмакратычны рух, гамадзянская супольнасць, каб трымаць Беларусь на парадку дня. Гэта не так лёгка, не так шмат чаго бачнага адбываецца ў Беларусі і многа хто думае, вось Лукашэнка ўсё яшчэ там, людзей рэпрэсуюць, але ўвогуле нічога не мяняецца. Навошта нам шмат увагі надаваць гэтаму пытанню. І толькі праца дэмакратычных сіл, нашых актывістаў, экспертаў, Народных амбасадаў, дыяспараў па ўсім свеце трымаюць Беларусь на парадку дня. І гэта трэба рабіць. Калі забудуцца пра Беларусь, то гэты статус-кво, які мы зараз маем, ён можа застацца на гады і гады.
РР: Мы зараз праходзім пэўны шлях. А вось ёсць у Вас нейкае бачанне вольнай, дэмакратычнай, светлай будучыні Беларусі? Ёсць гэтае разуменне, што мы ідзем да пэўнай мэты?
Святлана Ціханоўская: Агульнае разуменне, я думаю, ёсць у кожнага беларуса. Перш за ўсё, гэта будучыня еўрапейская, якая базуецца на каштоўнасцях – гэта павага да людзей, гэта працоўныя інстытуты, якія працуюць не на ўладу, а на людзей. Гэта эканамічная стабільнасць. Я ўпэўнена, што калі даць людзям уладу і магчымасць развівацца, у тым ліку бізнесам і малым прадпрыемствам, то мы зможам вельмі хутка выйсці на такі эканамічна стабільны шлях, калі людзі працуюць не з-за прымусу, а таму што яны хочуць укладвацца ў свой бізнес і ў краіну перш за ўсё, то мы хутка дасягнем узроўню нармальнай краіны па тыпу Польшчы. Але таксама мы павінны быць краінай, якая не пагражае нашым суседзям, якую нельга скарыстаць для атак на краіны Еўразвязу ці Украіну. Калі Лукашэнка будзе ў Беларусі, то гэтай магчымасці не будзе, і Беларусь будзе пастаяннай крыніцай пагроз, міграцыйных крызісаў і будзе пастаянная пагроза, што Беларусь могуць скарыстаць для атак. Перш за ўсё трэба зруйнаваць рэжым. Гэта не робіцца на раз-два. Гэта вялікая праца. Мы бачым, як рэжымныя структуры спрабуюць разваліць дэмакратычны рух, лабуюць гэтыя наратывы, што навошта іх падтрымліваць, ніякай ролі не гуляюць. Але ж сваёй цяжкай працай структуры нейкія мы будуем, фармалізацыяй адносінаў з краінамі і структурамі еўрапейскімі мы даказваем, што мы людзі, якія прадстаўляюць вольную, свабодную Беларусь. І мы бачым, што няма нейкага апетыту на камунікацыю з рэжымам.
РР: На мінулым тыдні быў Брусэль, зараз – Стакгольм, тут сустрэчы на міжнародным узроўні. Як Вы адчуваеце, якія настроі ў еўрапейскіх чыноўнікаў?
Святлана Ціханоўская: Як я ўжо сказала, няма апетыту на разварот палітыкі, што тычыцца Беларусі. Ёсць бачанне, што трэба працягваць ціснуць на лукашэнкаўскі рэжым праз палітычную ізаляцыю, праз эканамічную ізаляцыю. Дыпламатычныя шляхі трэба пакідаць адчыненымі, каб можна было весці размову пра вызваленне палітвязняў, пра дапамогу рэпрэсаваным. З іншага боку – дапамога дэмакратычнаму руху, дапамога грамадзянскай супольнасці, медыям, праваабаронцам, дапамога, каб падтрымліваць і ўзмацняць беларускую ідэнтычнасць. То бок, не бачна ніякіх прыкмет, што вернуцца да бізнесу з Лукашэнкам. Канешне, ужо ёсць нейкая стомленасць ад беларускага пытання. На жаль, ужо і ад украінскага пытання. Усе гэтыя доўгачасовыя крызісы яны будуць выклікаць прыкметы стомленасці, але гэта наша праца, каб вяртаць Беларусь на павестку дня практычнымі дзеяннямі і нейкімі крэатыўнымі праектамі ўзмацняць суб’ектнасць Беларусі. Вось адзін з прыкладаў – Пашпарт Новай Беларусі. Гэта нешта беспрэцэдэнтнае для Еўразвязу. Мы гэты праект запусцілі не дзеля таго, каб выдаваць нейкія кніжачкі беларусам, а мы спрабуем вырашыць канкрэтную праблему – праблему атрымання дакументаў беларусамі за мяжой. І вось калі ёсць такія яркія праекты, яркія дзеянні, тады вяртаецца ўвага да Беларусі. Вельмі важна быць у медыя, бо медыя фармуюць таксама павестку. І таму тут вельмі важную ролю грае медыйная прысутнасць усіх беларусаў. І гэта не толькі пра палітычныя структуры. Гэта і пра дыяспары, пра актывізм і культурных дзеячоў, каб праз розныя шляхі, розныя імпрэзы прыцягваць увагу да Беларусі. Медыя могуць ціснуць і грамадства можа ціснуць на свае ўрады, каб яны прымалі рашэнні па Беларусі.
Пытанне палітвязняў – першачарговае, кажа беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская. А адносна вынікаў візіту ў Швецыю варта дадаць, што гэта краіна задэкларавала павялічыць падтрымку незалежных СМІ ды беларускіх праваабарончых і культурніцкіх ініцыятываў, праектаў грамадзянскай супольнасці.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






