Якой убачыў беларускую дэмакратычную супольнасць замежжа былы палітвязень і філосаф пасля вызвалення з турмы? Што трэба рабіць беларусам і вакол якой палітычнай асобы гуртавацца? А таксама якой бачыцца сутнасць Каардынацыйнай Рады і выбары ў яе? На гэтыя ды іншыя пытанні адказаў Госць Рацыі – філосаф Уладзімір Мацкевіч.

РР: Зараз ідзе абмеркаванне адносна палітычнай сітуацыі ў замежжы. Я думаю, вы ўжо агледзеліся і маеце сваё меркаванне. Што вы можаце сказаць?
Уладзімір Мацкевіч: Я таксама з жалем адразу заўважыў пра гэтыя спрэчкі. Але не спяшаўся з высновамі. Патроху знаёміўся з сітуацыяй. І я зразумеў, што тое, што я ўяўляў сабе ў турме, яно горш чым тое, што я бачу тут у рэчаіснасці. Бо гэтыя дэструктыўныя тэндэнцыі ў эміграцыі – яны натуральныя. Так з усімі эміграцыямі адбываецца. І ў нашай краіне, і з нашымі беларусамі, і з іншымі краінамі, адкуль уцекачы складаюць нейкую вялікую хвалю.
Некалькі гадоў гэта можа трымацца. А потым гэта ўсё расцярушваецца, і людзі ўжо адаптуюцца да новай сітуацыі, пачынаюць новае жыццё, ужо мала цікавяцца краінай. Як зараз вось адбываецца з мінулымі хвалямі эміграцыі ў Амерыцы, напрыклад. Часткова і ў іншых краінах тое ж самае. Яны ўжо амаль згубілі стасункі з радзімай. Можа быць захаваліся нейкія сяброўскія сувязі, і родныя там засталіся, але не больш таго. Яны ўжо жывуць інтарэсамі той краіны, таго народу, дзе апынуліся.
Унікальнасць нашай новай эміграцыі, адносна мінулых беларускіх эміграцый, у тым, што імпэт да краіны, зацікаўленасць працэсамі, гатоўнасць паспрыяць развіццю краіны, зменам у ёй – усё гэта захавалася і трымаецца нават праз гэтыя пяць-шэсць гадоў. І я думаю, што вось гэты патэнцыял, які захаваўся, трэба выкарыстаць на карысць сапраўды развіцця зменаў у Беларусі, зменаў рэжыму.
І нават больш таго, паколькі выехала актыўная частка, не ўсе актыўныя людзі, але ж значная частка выехала, актыўная, кваліфікаваная, кемлівая, то гэта страта для нацыі, для народу, для краіны. І калі мы не вернемся, гэта яшчэ большая страта будзе. А вось калі мы пачнем вяртацца, то мы можам стаць уплывовай часткай беларускай нацыі, уплывовай на працэсы развіцця, зменаў. Так што ў гэтым накірунку, я думаю, і трэба працаваць.
РР: Як вы лічыце, усё ж такі ці доўга гэта працягнецца гэтая сітуацыя? У нас ёсць шанец вярнуцца дадому?
Уладзімір Мацкевіч: Такое магчыма – невяртанне, як мінулыя хвалі эміграцыі – растварыцца ў Еўропе. Можа ў меншай ступені гэта тычыцца Польшчы і Літвы, дзе ёсць шчыльныя і вялікія дыяспары. А пра астатнія краіны, я думаю, так яно і адбудзецца.
Але, ведаеце, у мяне ёсць асабісты досвед, бо маіх продкаў выслалі ў Сібір. І мы ў Сібіры жылі таксама, няхай у невялічкай, але ў беларускай дыяспары. І я памятаю ў дзяцінстве, потым так і адбылося, мы хацелі вярнуцца. Гэта была ссылка, не проста міграцыя, маіх продкаў вывезлі ў 1951 годзе, за два гады да смерці Сталіна. Вызвалілі іх толькі ў 56-ым. У 56-ым не адбылося вяртання адразу, бо дазволілі жадаючым з’ехаць толькі ў Польшчу. Некалькі сям’яў з’ехалі ў Польшчу, астатнія хацелі ў Беларусь. У Беларусь не пускалі. Прайшло яшчэ пару гадоў і сталі пускаць. У 58-ым пачалі пускаць у Беларусь. І мая сям’я з’ехала. Хоць людзі нібыта там ужо ўкараніліся, дзеці нарадзіліся, я нарадзіўся і мая сястра. Але пачалі вяртацца на радзіму. І так я апынуўся ў Беларусі як беларус, выхаваны ў беларускай дыяспары. І я думаю, што такое таксама магчыма. І таму нашае пакліканне, каб развіццё ішло па станоўчым варыянце, а не па негатыўным.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






