НАТА плануе за два гады абсталяваць межы з Расеяй і Беларуссю аўтаматызаванай сістэмай абароны, якая будзе ўключаць робатаў, дронаў і мноства датчыкаў. Да мяжы таксама перакінуць вялікую колькасць тэхнікі і ўзбраенняў. Пра гэта журналістам газеты Welt am Sonntag расказаў намеснік начальніка штаба камандавання сухапутных сіл НАТА генерал Томас Ловін, піша Bild.

«Мы ўбачым значна большыя запасы зброі, чым раней, у дзяржавах НАТА на мяжы з Расеяй», — заявіў генерал.
Па яго словах, асноўная ўвага будзе надавацца тэхніцы і складанай шматузроўневай сістэме абароны ўздоўж межаў. Аўтаматызаваная зона будзе арганізаваная так, каб першапачаткова стрымліваць праціўніка рабатызаванымі ўзбраеннямі, і «спачатку давядзецца яе пераадолець».
Мэта праекта — знізіць рызыку для салдат: зона будзе ў значнай ступені безлюднай.
Гэта першае публічнае паведамленне пра новую канцэпцыю абароны НАТА пад назвай Eastern Flank Deterrence Line (EDFL, «лінія стрымлівання ўсходняга фланга»), рэалізацыя якой плануецца да канца 2027 года.






