У Бруселі непасрэдна ў будынку Еўрапарламента адкрылася фотавыстава «Скрозь аб’ектыў: абарона дэмакратыі і свабоды ў кіберпрасторы». Выстава складаецца з чатырох частак. Першая частка прысвечана вядомаму беларускаму інфармацыйнаму рэсурсу «Хартыя 97» і ўласна галоўнай рэдактарцы Наталлі Радзінай, якая непасрэдна прысутнічала на адкрыцці фотавыставы. Мы з ёй паразмаўлялі пра гэтую падзею.

РР: Распавядзіце, як арганізоўвалася гэтая выстава. Чаму яна адкрылася менавіта ў будынку Еўрапарламента? Якія былі рэакцыі на яе?
Наталля Радзіна: Выстава была арганізавана швейцарскай кампаніяй «Пратон», якая працуе ў сферы бяспекі, у супрацоўніцтве з еўрадэпутатамі, у прыватнасці з Віргініюсам Сінкявічусам, які з’яўляецца еўрадэпутатам ад Літвы. І ўдзельнікамі гэтай выставы сталі, па-першае, «Хартыя 97» і я, як галоўны рэдактар, а таксама «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода», сервіс «Пратона» VPN Praton і вядомы ганконгскі актывіст, удзельнік пратэстаў, якія былі ў Ганконгу, Рэй Вон.
Гэта ўнікальная выстава, яна прысвечана таму, што сёння ідзе моцная атака на незалежнае слова ва ўсім свеце. І мэта гэтай выставы – падкрэсліць наколькі важнае свабоднае слова, і як сёння трэба бараніць незалежныя медыя, і не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах свету, і бараніць незалежных журналістаў, і наколькі важнае сёння для свету наша агульная справа.

РР: Сапраўды варта звяртаць на гэта ўвагу. У сваёй прамове вы таксама адзначылі, што зараз пад асаблівай пагрозай і ў вельмі няпростай сітуацыі знаходзяцца беларускія незалежныя СМІ. Ці пачулі вы нейкія адказы па гэтай праблеме ад прадстаўнікоў Еўразвязу? Ці гатовыя яны ўключацца і замяняць тыя рэсурсы, якія раней вылучала на падтрымку незалежных медыя адміністрацыя ЗША?
Наталля Радзіна: Я цешуся, што мой выступ меў вялікую падтрымку з боку ўдзельнікаў гэтай выставы. Пра гэта я кажу на сустрэчах з усімі еўрапейскімі палітыкамі, а таксама з дэпутатамі Еўрапарламента. І б’юся я не толькі за «Хартыю 97», але я б’юся за ўсе незалежныя беларускія медыя, таму што, як я кажу, сёння незалежныя медыя – гэта вельмі важны і бадай апошні інструмент уплыву на сітуацыю ў Беларусі, што беларусам патрэбнае незалежнае слова, што толькі дзякуючы беларускім незалежным медыя, напрыклад, беларуская армія не ўдзельнічае сёння ў вайне супраць Украіны. Таму што мы з вамі змаглі распрапагандаваць беларускую армію. І таму сёння неабходна толькі павялічваць падтрымку беларускіх незалежных медыя.
Але мы бачым, на жаль, што адбываецца. З прыходам Трампа ў ЗША знікла амерыканская дапамога для незалежных медыя, а еўрапейцы сёння не ў стане гэтую дапамогу аказваць у тым аб’ёме, які нам патрэбны. І я казала ўчора ў Еўрапарламенце, калі мы кажам, што Еўропа павінна ўзбройвацца ў сітуацыі супрацьстаяння Расеі з Захадам, то вы павінны разумець, што незалежныя медыя – гэта таксама зброя. Пуцін сёння вядзе гібрыдную вайну супраць краінай Захаду. І незалежныя медыя павінны існаваць і павінны эфектыўна працаваць. Каб гэта адбывалася, неабходная падтрымка.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: charter97.org






