BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Наталля Скібская: Я вельмі баюся таго, што будзе, калі прыйдзе Трамп

Беларусы замежжа ўважліва сочаць за перадвыбарчай гонкай да прэзідэнцкіх выбараў у Амерыцы. Ад вынікаў выбараў у Злучаных Штатах залежыць развіццё падзей і ў Беларусі. У гэтым ўпэўнена госця Беларускага Радыё Рацыя – псіхолаг Наталля Скібская, якая слухае выступы кандыдатаў у арыгінале. Мы абмеркавалі з нашай госцяй пытанні па кандыдатах. З ёй размаўляе наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.

РР: Як вы ставіцеся да адмовы Джо Байдэна ад удзелу ў прэзідэнцкай гонцы, гэта добра ці не для Беларусі?

Наталля Скібская: Я не магу сказаць дакладна, добра гэта ці не, але гэта такі добры ўчынак і добры прыклад, увогуле трэба сыходзіць своечасова. Трэба разумець, што калісьці ў цябе ўжо няма дастаткова сілаў, няма энергіі, няма здароўя і трэба адмаўляцца. Гэта вельмі добры прыклад для ўсіх лідараў. І для нашага лідара таксама.

РР: Што вы думаеце пра новую прэтэндэнтку ад партыі дэмакратаў Камалу Харыс, зменіцца стаўленне да Беларусі і Украіны, калі пераможа Харыс?

Наталля Скібская: Я не ведаю, дакладна я  не чытала пра яе стаўленне да Беларусі, да таго, што адбываецца ў нас і што ёй цікава і як яна бачыць Беларусь у рэгіёне, нашу ролю. Таму я не ведаю, але, шчыра кажучы, я вельмі баюся таго, што будзе, калі прыйдзе Трамп, калі ён прыйдзе.

У дэмакратыі ёсць пэўныя хібы і самыя галоўныя хібы – тое, што дэмакраты спрабуюць увесь час дамовіцца. А калі людзей шмат, то дамовіцца вельмі складана, і таму ўсё ідзе вельмі марудна. І вось тут цяжка сказаць, тое, што ўсё так павольна і незразумела, ці то з-за гэтай хібы дэмакратыі ці ўсё ж такі стаўленне адміністрацыі Байдэна і рэспубліканцаў з’яўляецца сапраўднай падставай вось такога вельмі-вельмі павольнага працэсу.

РР: Бюракратыя дэмакратаў у сённяшняга Захаду, і Амерыкі ў тым ліку, мне падаецца, паўздзейнічала на тое, што ва Украіне зацягнулася вайна і цяпер у такім незайздросным стане.

Наталля Скібская: Мне таксама так падаецца. Усё ж такі рэакцыя павінна быць хуткай, нельга так доўга і павольна рэагаваць. Гэта ўсё разбэшчвае гэтых дыктатараў-агрэсараў, таму трэба было ўсё ж такі раней прымаць нейкія рашэнні і хутчэй рэагаваць на тое, што адбывалася і адбываецца зараз.

РР: Былы савецкі разведчык Юры Швец лічыць, што Харыс мае ўсе шанцы для перамогі.

Наталля Скібская: Спадзяюся, што так, як бачыла, яна вельмі хутка назбірала 81 мільён даляраў за адзін дзень. Гэта значыць, што ўсё ж такі ў яе будзе падтрымка. Але мне падаецца, што ў пэўным сэнсе гэта таксама выбар не за яе, а супраць Трампа.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя