І толькі тры адсоткі. Такі аб’ем ад агульнай колькасці дзяржаўныя прапагандысцкія медыя прысвяцілі менавіта “выбарам”. Як бачна, і дзяржаўныя СМІ пра “электаральную кампанію” ў Беларусі, што праходзіла ў мінулым месяцы, – пісалі вобмель. Такая вось інфармацыйная выбарчая ціша. Пра гэта гутарым з адмыслоўцамі – прадстаўнікамі праекту MediaIQ – Надзеяй Белахвосцік і Паўлюком Быкоўскім. Яны рабілі маніторынг публікацый ды аналізавалі пасылы. Спытаў пра галоўнае Улад Грынеўскі.

РР: Я акрэсліваю гэтую тэму як беларускае грамадства пасля “выбараў” 2025 году, паколькі мне здаецца, пра “выбары” няма сэнсу гаварыць. Да “выбараў” у вас быў падкаст, дзе вы абмяркоўвалі між іншым тэндэнцыі ў СМІ і ў тым ліку прапаганды. Спадар Паўлюк, я хацеў бы заакцэнтаваць на гэтым увагу. А як зараз прапагандысцкія СМІ выглядаюць? Ці толькі мне здаецца, што пра “выбары” там таксама імкнуцца забыць.
Паўлюк Быкоўскі: Мы ў MediaIQ праводзілі маніторынг, яго яшчэ не завяршылі, будзем яго рабіць да інаўгурацыі. Па нашых дадзеных, атрымалася так, што прыкладна 3% кантэнту дзяржаўных медыя адводзілася на “электаральную кампанію”. У недзяржаўных медыя, якія знаходзяцца ў Беларусі, было блізу 1%, яны стараліся ўхіліцца ад гэтай тэмы, бо яна досыць небяспечная. Яны фактычна нешта паведамлялі, але асабліва не лезлі ў падрабязнасці.
А незалежныя медыя, якія працуюць за мяжой для беларускай аўдыторыі, у іх было каля 2%. Здавалася, лічбы даволі блізкія, каля 3% статыстычнай памылкі, але з аднаго боку гэта вельмі мала для “электаральнай кампаніі”, бо яна не стала цэнтрам увагі. І хаця дзяржаўныя медыя настойліва праводзілі наратыў пра тое, што гэта вельмі важная, гістарычная падзея, ад якой залежыць і г.д. і г.д. Але па вялікім рахунку гэта былі толькі словы. Тым не менш гэтыя словы яны спрабавалі паўтараць шматразова.
А ў незалежных медыя гэтая тэма была зусім па-іншаму пададзеная. Гэта была адна з многіх у парадку дня. І толькі тады, калі яе трэба было сапраўды закрануць, пра яе расказвалі, але як пра несапраўдныя выбары, што няма ўмоваў для выбару, што няма канкурэнцыі, што няма свабоды слова і г.д. І што мінулыя “выбары” былі не прызнаныя.
Усё разам гэта паказвае, што нават дзяржаўныя медыя не надавалі гэтай кампаніі вялікай увагі. А незалежныя медыя хутчэй за ўсё ўдзялі тую ўвагу, якой падзея была вартая. І напрыканцы аказалася, што ўсе прайшліся на гераічным учынку Умкі, якая памеціла выбарчы ўчастак, і гэта трапіла ў камеры медыя. То бок гэта была самая важная падзея, якую пачалі абмяркоўваць пасля. Само па сабе гэта не было чымсьці, што рэальна ўсхвалявала прынамсі нават журналістаў, якія пісалі пра гэтую кампанію.
РР: Спадарыня Надзея, вось які ў вас ўражанні ад настрою дзяржаўных журналістаў?
Надзея Белахвосцік: Я вось зараз слухала Паўлюка і злавіла сябе на думцы, што і дзяржаўныя медыя, канешне, яны не казалі наўпрост, як недзяржаўныя, пра тое, што гэта несапраўдныя “выбары”, але ўся іх праца паказвала, што гэтыя “выбары” несапраўдныя. Тое, як яны з гэтай тэмай працавалі, і мы фіксавалі, што да “выбараў” гэтая тэма не была мэйстрымам. У выніковых праграмах на тэлебачанні толькі ў апошні тыдзень, перад самым галасаваннем, з’явіліся гэтыя сюжэты на першых месцах. Калі вось зараз мы азіраемся, то бачым, што калі б нехта з іншай планеты прыляцеў і пачытаў гэтую прэсы, то, мне здаецца, ён не зразумеў бы, што гэта ўсё пра выбары і пра прэзідэнцкія выбары.
Цалкам матэрыял:
Маніторынг, як дзяржаўных так і незалежных ад дзяржавы медыя працягнецца яшчэ да інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, паведамляюць нашыя госці – прадстаўнікі праекту MediaIQ – Надзея Белахвосцік і Паўлюк Быкоўскі.
Беларускае Радыё Рацыя