BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Навошта Лукашэнка вызваліў украінцаў?

На днях прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант паведаміла, што дзеля развіцця дамоўленасцяў паміж прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і Лукашэнкам па просьбе ўкраінскага боку з мэтай стварэння ўмоў для ўрэгулявання ўзброенага канфлікту ў сумежнай дзяржаве, кіруючыся прынцыпамі гуманізму і ў якасці жэсту добрай волі, Лукашэнкам памілаваны 31 грамадзянін Украіны.

Я стаў задаваць сабе пытанні: чаму на гэты раз вызвалены менавіта грамадзяне Украіны, пры тым, што тысячы беларусаў сядзяць у турмах і калоніях па надуманых абвінавачаннях, чаму менавіта цяпер, якія могуць быць далейшыя крокі, якія мэты хоча дасягнуць Лукашэнка?

Пачну з апошняга. Лукашэнка хоча звярнуць на сябе ўвагу. Ён адчувае, што міжнародная супольнасць, і перш за ўсё Дональд Трамп, стаў забывацца на яго. Міжнародны рух, а я б сказаў мітусня, апошнімі днямі сканцэнтроўваецца вакол так званых прапановаў Трампа, а пра Лукашэнку і пра праблемы на мяжы, якія ён правакуе, згадваюць усё менш. Таму самазваны кіраўнік Беларусі зрабіў ход – выпусціў палонных украінцаў з мэтай, што кіраўніцтва Украіны нагадае ЗША і іншым краінам пра яго.

Лукашэнку хочацца асядлаць коніка 2015 года, калі ў Менск прыязджалі кіраўнікі вядучых краін, Беларусь называлі донарам стабільнасці, а яго – міратворцам. Узурпатару хочацца вярнуцца ў тыя блаславёныя часы, калі яго лігітымнасць не падвяргалася сумневу, калі з ім віталіся прэзідэнты вядучых краін. Таму, вызваляючы ўкраінцаў, ён нібыта крычыць: “Я тут! Звярніце ўвагу на мяне! Гаварыце са мной!”

З іншага боку, і гэтага нельга не ўлічваць, Лукашэнка мае на ўвазе, што ідуць перамовы па спыненні вайны ва Украіне, і яму вельмі хочацца сесці за гэты стол. Седзячы за сталом перамоваў, ёсць магчымасць падвысіць свой асабісты статус.

А на жыцці і лёсы тысяч простых беларусаў Лукашэнку, мяркуючы па яго апошніх выказваннях і дзеяннях, папросту начхаць.

Рыгор Скамарох