BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Назіраем масавы працэс мілітарызацыі дзяцінства праз адукацыю”

Госць Рацыі — спецыяліст у галіне адукацыі, намеснік прадстаўніка АПК па пытаннях адукацыі і навукі Андрэй Лаўрухін. Абмяркавалі з ім уплыў сілавікоў на школу, а таксама тое, як нават дзеці ў Беларусі становяцца ахвярамі рэпрэсій.

Андрэй Лаўрухін
Андрэй Лаўрухін

РР: Давайце з вамі абмяруем такую тэму, як уплыў сілавікоў на беларускую школу, пра мілітарызацыю беларускай школы.

Андрэй Лаўрухін: Трэба адзначыць два істотныя вымярэнні: гэта мілітарызацыя і гэта ўплыў сілавікоў. Перш за ўсё трэба сказаць, што ўплыў даволі моцны. Сістэма адукацыі стала прывадным рамянём сілавой машыны мілітарыстычнай дзяржавы, якая ўтварылася, на жаль, у Беларусі.

І тут мы павінны падзяліць гэтыя вымярэнні. Калі мы кажам пра тое, што нашы дзеці сталі ахвярамі рэпрэсіяў, гэта адна рэч. І сапраўды ёсць такія прыклады, калі непаўнагадовым дзецям даюць прысуды, іх паказальна караюць. Але гэта, тым не менш, рэдкія выпадкі. Усё ж такі яны не масавыя, трэба гэта прызнаць.

Але, што тычыцца мілітарызацыі, то гэта ўжо сістэмная масавая з’ява. Я тут спасылаюся на даклад, які зрабілі НАУ і Белпол, ён называецца «Дзеці без будучыні. Мілітарызацыя дзяцінства ў Беларусі». І прапаную ўсім з ім азнаёміцца. Там пададзены такія лічбы, якія сапраўды ўражваюць. І мы бачым, што гутарка ідзе сапраўды пра агульнарэспубліканскі, сістэмны, масавы працэс мілітарызацыі дзяцінства праз адукацыйныя ўстановы. І тут сапраўды ўзнікае цэлы шэраг наступстваў, якія трэба агучыць і трэба мець на ўвазе.

Першае з іх, безумоўна гэта падвышэнне мілітарыстычнай свядомасці. Я спасылаюся на тыя лічбы, якія былі ў нас пасля пачатку вайны ва Украіне з 2022 года. За чатыры гады вайны супраць Украіны толькі тры тысячы беларусаў пайшлі па кантракце ваяваць. Пераважная большасць беларусаў, дзесьці за 70% па розных дадзеных сацыялагічных даследаванняў, ставяцца да вайны адмоўна. Гэта сведчыць пра тое, што ў адрозненне ад расейцаў, дзе штомесяц пяцьдзесят тысяч ідзе па кантракце, то бок яны пагаджаюцца на гэтыя крывавыя грошы, то Беларусь адрозніваецца ў лепшы бок, беларусы не гатовыя зарабляць нават вялікія грошы на вайне.

Але, калі мы зададзімся пытаннем, вось пройдзе час і вырасце гэтае пакаленне, якое зараз інтэнсіўна мілітарызуецца праз адукацыйныя ўстановы, вось гэтымі матываванымі сілавікамі, у якіх няма ніякіх кампетэнцыяў выкладчыкаў, то ўзнікае пытанне: праз 10 год, калі будзе працягвацца вайна ва Украіне, ці пачнецца новая вайна Расеі, ці будуць такія ж пацыфічныя беларусы, якія пройдуць праз гэты інстытут мілітарызацыі? Я не ўпэўнены.

Па-другое, гэта безумоўна пагроза грамадзянскай вайны. Таму што калі, мы памятаем 2020 год, то сапраўды там былі сутычкі з міліцыянтамі, з амапаўцамі. Але яны былі рэдкімі. Пераважная большасць беларусаў пацыфічна вяла сябе. Гэта тое, чым мы ганарымся. Пераважная большасць беларусаў супраць гвалту. І тады ўзнікае пытанне: а калі ў нас будзе выхаванае новае пакаленне, для якога гвалт – гэта нармальна, ці будзе новае пакаленне само сабе ставіць межы, ці будзе яно ўтрымлівацца ад таго, каб не забіваць сваіх суграмадзян? Я не ўпэўнены.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя