BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Названыя дата і месца сустрэчы Зяленскага і Трампа

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп плануе сустрэцца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у нядзелю, 28 снежня, у сваёй рэзідэнцыі Мар-а-Лага ў штаце Фларыда. Пра гэта паведаміў карэспандэнт выдання Axios Барак Равід у сацыяльнай сетцы X са спасылкай на ўкраінскага чыноўніка.

Фота t.me/V_Zelenskiy_official.

Мар-а-Лага — гэта прыватная рэзідэнцыя Дональда Трампа, размешчаная ў Фларыдзе.

Раней у той жа дзень Уладзімір Зяленскі пацвердзіў, што сустрэча з Дональдам Трампам адбудзецца «ў бліжэйшы час», аднак канкрэтную дату і месца не ўдакладняў. Паводле яго слоў, кіраўнік украінскай дэлегацыі на перамовах з ЗША Рустэм Умераў праінфармаваў пра кантакты з амерыканскім бокам.

«Мы не губляем ніводнага дня. Дамовіліся пра сустрэчу на самым высокім узроўні — з прэзідэнтам Трампам — у бліжэйшы час. Шмат што можа вырашыцца да Новага года», — заявіў Зяленскі.

Таксама ўкраінскі прэзідэнт паведаміў, што перад гэтым правёў «сапраўды добрую размову» па тэлефоне са спецпасланнікамі прэзідэнта ЗША Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам.

У сераду Зяленскі таксама прадставіў дэталі абноўленага плана спынення вайны, які складаецца з 20 пунктаў і быў узгоднены дэлегацыямі ЗША і Украіны падчас перамоў у Фларыдзе.