BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Не будзе ў Беларусі лепш, пакуль сістэму закладніцтва не знішчаць”

У выбарах у Каардынацыйную раду ўдзельнічаюць новыя палітычныя блокі і сілы. Сярод іх і Госць Рацыі –  Юрась Зянковіч, лідар блоку беларускіх палітвязняў “Беларусы дзеяння”. Размаўляе з ім наш журналіст Улад Грынеўскі.

Юрась Зянковіч
Юрась Зянковіч

РР: Ці чакаеце сённяшняга пасяджэння выбарчай камісіі? Мне падаецца, якія там могуць быць сюрпрызы, акрамя таго, што нададуць пэўны нумар выбарчаму спісу. А вось нумар, які даецца, нейкім чынам уплывае на выбарчую кампанію, на палітычнае пазіцыянаванне? Можа, вы пэўны сабе і адметны нумар хрчаце?

Юрась Зянковіч: Я хачу нумар 1, але па выніках выбараў быць нумарам 1. А той нумар, які будзе зараз, гэта тэхнічны нумар.

РР: Літаральна нядаўна была гадавіна падзеяў “Плошчы-2006”, і я згадаў фільм Юрыя Хашчавацкага “Плошча”. І там аўтар размаўляе з дзяўчынай, якая пайшла на гэтую плошчу, і вельмі проста фармулюе пытанне. Я б хацеў бы задаць вам такое ж пытанне: на кой ляд вы туды ідзяце, у Каардынацыйную раду 2026 года? Вядомая справа, я зараз трошкі жартую, але таксама палітычныя аспекты мусім абмеркаваць. Вось якая ваша канцэпцыя, для чаго вашай палітычнай групе ўдзел у  гэтых выбарах у Каардынацыйную раду?

Юрась Зянковіч: Наша група, наш спіс ідзе ў Каардынацыйную раду дзеля таго, каб вярнуць Каардынацыйнай радзе палітычную суб’ектнасць і дзеля таго, каб ператварыць яе ў орган, дзе будуць прымацца канкрэтныя палітычныя рашэнні, і які будзе кантраляваць выкананне гэтых палітычных рашэнняў замест таго, каб абмяжоўвацца проста дэкларацыямі і проста абмеркаваннем.

Мы лічым, што Каардынацыйная рада павінна стаць тым органам, дзе адбываюцца вострыя палітычныя дыскусіі, дзе выслухоўваюцца розныя меркаванні і прымаюцца рашэнні абавязкова для выканання ўсімі іншымі суб’ектамі.

РР: Была такая дыскусія, як пачалі выходзіць палітзняволеныя, што гэта будзе такая моцная сіла. Вы таксама па гэтым прынцыпе аб’ядноўваецеся? Лічыцца, што менавіта палітзняволеныя са сваім досведам таксама маюць сказаць такое важкае слова ў беларускай палітыцы, якая сканцэнтраваная за мяжой. Гэта мы таксама не можам адкідаць.

Юрась Зянковіч: Палітзняволеныя – гэта адна з тых групаў, якія заплацілі вельмі канкрэтную цану за свае перакананні, за свае памкненні да дэмакратыі, да зменаў у краіне. Апроч палітычных зняволеных таксама гэтую цану плацяць нашы валанцёры, якія ваююць ва Украіне, а таксама тыя людзі, якіх лукашэнкаўскі рэжым ставіць, як кажуць, на дойку.  То бок гэта беларускі бізнес, з якога выціскаюць апошнія кроплі, у тым ліку шляхам узяцця закладнікаў.  І мы лічым, што не будзе ў Беларусі ніякіх зменаў да лепшага да таго часу, пакуль сістэма закладніцтва не будзе знішчаная. Або, як мінімум, пакуль яна перастане быць эканамічна апраўданай.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя