Юлія Міцкевіч – намесніца прадстаўніцы па сацыяльных справах АПКБ знаходзілася ў Страсбургу, дзе ў рамках Рады Еўропы праходзілі кансультацыі. Пагаварылі з ёй пра тое, якія важныя тэмы прагучалі там для Беларусі?

РР: У сваіх сацыяльных сетках Вы пісалі, што адбываліся працы ў рамках феміністычнай групы ў рамках Рады Еўропы. Найперш хацелася б акрэсліць важнасць гэтага працэсу.
Юлія Міцкевіч: У першую чаргу я хачу сказаць, што гэта праходзіла ў рамках кантактнай групы па Беларусі, якая існуе ў Радзе Еўропы з 2022 года па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай. Гэтая група працуе па розных кірунках. Яна складаецца з прадстаўнікоў палітычных дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці. І я канкрэтна ў гэтай групе адказвала за пытанні гендэрнай роўнасці і правоў жанчын. Адпаведна, гэтая сустрэча была арганізаваная не толькі для фемгрупы, але і для другіх актывістаў з розных сфераў, якія так ці іначай працуюць з тэмамі гендэрнай роўнасці і правоў жанчын і ўсім, з чым гэта звязана.
РР: Як выглядае сітуацыя з гендэрнай роўнасцю ў афіцыйнай Беларусі?
Юлія Міцкевіч: Як выглядае сітуацыя, чарговы раз сказаў чалавек, які называе сябе “прэзідэнтам”. Учора была яго чарговая заява пра тое, што жанчына не можа быць прэзідэнтам. То бок, яго па-ранейшаму вельмі трыгерыць гэтае пытанне, што жанчыны не толькі выйгралі выбары, але і ўдзельнічалі ў пратэстах. І што ў іх вялікая сіла. І для афіцыйнай Беларусі, зразумела, што ніякай гендэрнай роўнасці няма. Афіцыйна яны выкарыстоўваюць гэта. Нядаўна была сустрэча ў Камітэце ААН, дзе яны рабілі справаздачу, што ёсць нейкія дасягненні. Але гэта абсалютная фікцыя. Таму што на практыцы гэтага няма. І як гэта можа быць у краіне, дзе ва ўладзе знаходзіцца чалавек – вядомы сэксіст, шавініст, які не лічыць жанчын палітычнымі суб’ектамі.
РР: Размаўлялі мы з прадстаўніцай па сацыяльных справах АПКБ і яна казала пра тое, што важна, што намесніца па гендэрных пытаннях, пытаннях ЛГБТ з’явілася ў структуры прадстаўніцтва па сацыяльных справах. Ці гэта не сведчыць, што ў дэмакратычнай Беларусі таксама ёсць праблемы?
Юлія Міцкевіч: Калі мець на ўвазе праблемы з пытаннямі гендэрнай роўнасці, зразумела, ёсць. Мы 4 гады дабіваліся, каб пачаць рухаць гэтую павестку ўнутры дэмсіл. Я і ўся нашая група спадзяёмся, што гэта будзе даваць нейкія зрухі. Што мы ўбачым змены ўнутранай палітыкі дэмакратычных сіл, гендэрныя стандарты, якія будуць уводзіцца. Бо не трэба сябе падманваць і лічыць, што ў нас настолькі ўсё дэмакратычна. Не, сэксізм у палітыцы прысутнічае, мэнсплэйнінг таксама і шмат іншых пытанняў.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя