Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у брыфінгу «Ці здольная Расея падтрымліваць ваенную эканоміку?», які прайшоў у межах Міжнароднага эканамічнага форуму ў Давосе. Адказваючы на пытанне пра частковае змякчэнне санкцый ЗША супраць рэжыму Лукашэнкі, Ціханоўская адзначыла, што амерыканскія санкцыі накіраваныя на вызваленне людзей і могуць змякчацца пры спыненні рэпрэсій, у той час як санкцыі ЕЗ з’яўляюцца значна мацнейшымі і павінны заставацца ў сіле да дасягнення доўгатэрміновых зменаў — спынення ўдзелу рэжыму ў вайне, аднаўлення суверэнітэту Беларусі і яе ператварэння ў дэмакратычную краіну.

Абмяркуем гэту заяву з Госцем Рацыі – дарадцам Святланы Ціханоўскай па парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформе Анатолем Лябедзькам.
Анатоль Лябедзька: Давос – гэта пляцоўка, куды з’язджаецца без перабольшвання палітычная эліта з усяго свету. І калі вы паглядзіце на працоўны графік Ціханоўскай, то ён уключае ў сябе не толькі палітыкаў, а людзей з розных сфераў. Там, так, ёсць і палітыкі, і кіраўнікі дзяржаваў, і міністры, але ёсць і тыя, хто займаецца медыя, праваабаронай, эканомікай, фінансамі. І павестка вельмі шырокая, таму для нас вельмі добра, што ёсць прысутнасць наша ў Давосе, што ёсць Святлана Ціханоўская. Бо калі вы спрабуеце з нейкім палітыкам ці з нейкім дзеячом пра нешта пагаварыць, то вы на гэта можаце патраціць не адзін дзень нават. А брэнд Ціханоўскай сёння спрацоўвае. Бо ў Давосе многае адбываецца не толькі падчас сустрэчаў, публічных дыскусій, але многае адбываецца ў кулуарах. Мне падаецца, што гэта не менш значна і важна. Святлана Ціханоўская зараз прасоўвае Беларусь, беларускую павестку і вельмі добра, што ў яе ёсць такая магчымасць гэта рабіць.
РР: Прагучала пытанне санкцый. Вы таксама прытрымліваецеся пазіцыі, што ЕЗ павінен працягваць санкцыйную палітыку? Бо гучаць такія меркаванні, што можна пайсці па амерыканскім шляху і “абменьваць” палітвязняў на тое, што здымаюцца некаторыя санкцыі?
Анатоль Лябедзька: Праблема ў тым, што некаторыя дыскусіі – вынік такога тлуму і бардака ў галовах людзей. Калі ты глядзіш на сітуацыю сістэмна, то прастора праблемаў звужаецца. Таму і Святлана кажа, і каманда кажа, што не трэба ў адну кучу змешваць амерыканскія і еўрапейскія санкцыі. Гэта якраз трэба раздзяліць і раскласці па розных палічках. І калі ўжо такі трэк маецца практычны, амерыканскі трэк, то трэба трымацца лініі, што амерыканскія санкцыі варта абмяняць на палітычных вязняў. Дзякуючы адмене санкцый амерыканскіх трэба вызваліць людзей. І гэта правільны падыход. Да яго толькі трэба дадаць яшчэ і палітычны складнік. А вось еўрапейскія санкцыі, якія больш балючыя для рэжыма ў Беларусі, іх трэба абменьваць на вызваленне краіны, то бок на тыя крокі, якія вернуць людзям права выбару, якія адарвуць Беларусь ад дыктатуры. Калі вось так глядзець на амерыканскія і еўрапейскія санкцыі, то ўсё зразумела. І мы разумеем, што на што. Тут вызваленне людзей, а тут – вызваленне краіны.
Але людзі не вельмі добра разумеюць, што за санкцыі, як яны працуюць. Я сам не вялікі эксперт па санкцыях, але ў мяне ёсць вось гэтае разуменне сістэмнае, што гэта два розныя трэкі і ў кожнага ёсць, прабачце за такую фармулёўку, свой цэннік. І гэтага трэба трымацца. Але разам з тым ёсць вялікая колькасць людзей, ну, па-першае, рэжым у Беларусі, які б рэальна хацеў, каб гэта было ў адной кучы, каб людзі не маглі разабраць, і каб больш было гэтага тлуму ў галаве і бардака. І гэта падтрымліваюць таксама і тыя, каго можна назваць “спячымі ячэйкамі” Лукашэнкі ў Еўропе. Гэта тая частка бізнеса, палітычных элітаў, якія заўсёды былі скіраваныя не на каштоўнасці, а выключна на матэрыяльную выгаду. І вось зараз гэта ўсё прачынаецца – і прапаганда, і лоббі. Яны працуюць у сацсетках, СМІ, і на гэта купляецца і частка дэмакратычнай супольнасці беларусаў. Таму наша задача ўнутры сябе правесці дадатковыя дыскусіі, яшчэ раз паглядзець на агульную сітуацыю, і ўсё ж такі выпрацаваць агульны падыход. Калі мы будзем трымацца гэтай лініі – тут вызваляць людзей, тут краіну, то думаю, ёсць пэўны шанец на пэўныя поспехі.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






