У Польшчы затрымалі грамадзяніна Украіны, які ў інтарэсах Расеі рыхтаваў акт дыверсіі побач з аб’ектамі стратэгічнага прызначэння.

З аднаго боку добра, што злачынцу, а разам з ім цэлую групу, выкрылі – польскія спецслужбы не дарма ядуць свой хлеб. З іншага боку, праз два гады поўнамаштабнай вайны мы бачылі зусім мала гісторый з выкрыццём агентаў пуцінскага ФСБ ці лукашэнкаўскага КДБ.
Добрая навіна ў тым, што хутчэй за ўсё на працу ў Еўропе ў агрэсара рэсурсаў не было. Два дыктатары маюць вялікія праблемы ўнутры апанаваных імі краінаў. Іх спецслужбы асноўныя сілы кінулі на прыдушэнні іншадумства.
А кепская навіна мае два акцэнты. Першы – магчыма, рэсурсы на дыверсіі ў Еўропе ўжо выдзеленыя. Другі акцэнт – дыверсіі мусяць застрашыць абывацеляў і памножыць разлад, а значыць аслабіць грамадства ў Еўропе. Прынамсі, у той яе частцы, якая можа быць атакаваная Расеяй.
Больш за тое, чаму б не ўявіць, што дыверсанта з украінскім пашпартам у Польшчы злавілі не выпадкова, а па наводцы з Крамля. «Дыверсія» і «ўкраінец»– вось якія словы запомніць абывацель Сярэдняй Еўропы, якая мае досыць вялікія ўкраінскія дыяспары.
Па вельмі спрошчанай логіцы можна будзе моцна падагрэць украінафобію. Маўляў, «вымятайцеся з нашай зямлі, бо ад вас адныя праблемы».
Тым часам у медыйным полі ўсё часцей чуваць, што Пуцін нападзе на Польшчу ці краіны Балтыі. Тэма абмяркоўваецца так, што я ўжо ад людзей у Чэхіі і Польшчы чуў, маўляў, трэба пераязджаць на захад бліжэй да Нямеччыны.
У палітыкаў складаная сітуацыя. З аднаго боку, калі хочаш быць папулярным тут і цяпер, мусіш падпяваць настроям большасці. З іншага боку, калі ты адказны чалавек, ты мусіш папярэджваць менш абазнаных суграмадзянаў пра небяспеку, якая насоўваецца.
І тут шах і мат – такога адказнага чалавека, які хоча апярэдзіць вайну, яго акурат і звінавацяць у распальванні вайны.
Палітычны стан сённяшняй Еўропы вельмі нагадвае другую палову 1930-х. Нібыта дыктатарскі рэжым Нямеччыны штосьці робіць небяспечнае, але генеральна страшнага ніхто не тое што не чакае, нават уявіць сабе не можа.
Застрашванне тэрактамі, распальванне ўкраінафобіі і наогул ксенафобіі – усё гэта не проста прыемна Крамлю, але і неабходна перад рашучымі дзеяннямі.
У нашым выпадку не раз выказваўся прагноз, што вайсковая правакацыя супраць краіны ці краінаў NATO Расея для пачатку можа здзейсніць з тэрыторыі Беларусі.
Гукавы файл:
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: PAP/EPA/DAVE MUSTAINE