З чаго пачыналася праца сайта “Хартыя’97”? З якімі цяжкасцямі сутыкалася гэтае выданне? І як змянілася праца сайта пасля 2020-га года? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае галоўная рэдактарка сайта “Хартыя’97” Наталля Радзіна.

РР: Давайце ўзгадаем і нагадаем нашым слухачам, з чаго ўсё пачалося.
Наталля Радзіна: Пачалося ўсё ў 1997 годзе, калі была створана грамадзянская ініцыятыва “Хартыя’97”. Гэта быў такі рух супраціву супраць дыктатуры, якая ўжо пачала панаваць у Беларусі. Ужо ў 1996 годзе, пасля рэферэндуму, калі Лукашэнка захапіў уладу і разагнаў Вярхоўны Савет ХІІІ склікання, стала зразумела, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі будзе толькі пагаршацца, ужо з’явіліся першыя палітвязні. І ў 1997 годзе была абвешчана “Хартыя’97” – дакумент, які дэклараваў змаганне за свабоду і правы чалавека ў Беларусі, які падпісалі 100 выбітных дзеячоў Беларусі, потым пад гэтым дакументам падпісаліся 100 тысяч грамадзянаў Беларусі.
Менавіта сайт “Хартыя’97” узнік увосень 1998 года. Яго заснавальнікам стаў Алег Бябенін – сапраўды смелы беларускі журналіст, які быў забіты – я ўпэўнена, што гэта было забойства – у 2010 годзе. “Хартыя” працавала да 2011 года ў Беларусі. Мы не збіраліся нікуды з’язджаць, нягледзячы на рэпрэсіі, арышты і нават забойства Алега Бябеніна. Але падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года супраць сайта былі ўжытыя вельмі моцныя рэпрэсіі, было ўзбуджана некалькі крымінальных спраў, прайшлі вобшукі ў рэдакцыі сайта “Хартыя”, у мяне дома, мяне выклікалі на допыты. А ўжо ў дзень выбараў 19 снежня 2010 мяне арыштавалі, таксама арыштавалі ўсіх журналістаў-валанцёраў сайта, якія знаходзіліся ў рэдакцыі ў ноч з 19 на 20 снежня, калі мы апісвалі, што адбываецца на Плошчы, як арыштоўваюць і кандыдатаў у прэзідэнты, і шмат людзей былі тады арыштаваныя і збітыя. І такім чынам, я апынулася ў турме КДБ. Частка людзей змагла з’ехаць з Беларусі, аднавіць работу парталу. І ўжо калі я змагла з’ехаць, збегчы з Беларусі пасля вызвалення з турмы КДБ пад падпіску аб нявыездзе, я ўжо аднавіла работу рэдакцыі спачатку ў Вільні, а потым ужо ў Варшаве. І з 2012 года сайт “Хартыя’97” працуе ў Польшчы.
Слухайце гутарку ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: сацыяльныя сеткі






