На сваё першае паседжанне 20 чэрвеня збіраецца Каардынацыйная рада. Гэта беларускі прадстаўнічы орган за мяжой, раней там засядалі прадстаўнікі арганізацый грамадзянскага сектара, зараз прайшлі выбары, дзе прагаласавалі 6723 асобы. Збіраем розныя каментары і погляды. Блогерка Вольга Павук – у мінулым складзе была віцэ-спікеркай, а ў трэці склад спіс, у якім яна балатавалася, у раду не патрапіў.

Погляд збоку на КР трэцяга складу ад Вольгі Павук:
-Як можна казаць, што гэта протапарламент? У нас ні краіны, ні рэсурсаў, ні нейкіх кнопак, якімі можна нечым кіраваць. Таму я думаю, што гэта спроба зрабіць інстытуцыянальны орган. Орган, які будзе працаваць незалежна ад таго, якія асобы туды ўваходзяць. Мы думалі ў другім складзе, што ёсць Статут, ёсць ужо правілы, здаецца, можна браць і па гэтых правілах працаваць. Вядома, ён, мабыць, не ідэальны і трэба нешта перарабіць. Але ніхто не думаў, што ўсё гэта будзе рабіцца такім нахрапам. Мы самі сабе ўяўлялі, што будзе транзіт, перададуць на першым паседжанні ўсе правы новаму складу, павітаць усіх, добрыя словы сказаць і пачаць працаваць.
Але так не выйшла. Я не разумею да сённяшняга дня, што хацелі сказаць сышоўшыя сваім дэмаршам? Таму што першая функцыя КР – гэта дыскусійная пляцоўка, дзе ўсе маюць права выказацца. І чаму было не выкарыстаць магчымасць выказаць сваю пазіцыю, нават калі яны былі нязгодныя з правядзеннем такога паседжання, то сказаць хаця б пра гэта. Але яны проста сышлі. І тым больш я не чакала такой рэакцыі, таму што Павел Латушка ў нас эталон дыпламатыі, сталы палітык, які разумее, як сябе паводзіць. Але вось такі нечаканы выпад, які мы да сённяшняга дня яшчэ абмазгоўваем.
Дарэчы, Каардынацыйная рада прагаласавала за адкрыцце чатаў асноўнага складу КР. Гэта анансавалі ў афіцыйным телеграм-канале рады. Там пішуць: «Кожны можа далучыцца да групы, але права пісаць паведамленні маюць толькі абраныя чальцы КР».
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя