У Вільні адбылася прэс-канферэнцыя Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нілса Муйжніекса. Асноўная ўвага ў ходзе сустрэчы была нададзена сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні так званых прэзідэнцкіх выбараў, вынікі якіх чакаюцца 26 студзеня.

Нілс Муйжніекс нагадаў, што яго задача як спецдакладчыка заключаецца ў зборы і дакументаванні фактаў парушэнняў правоў чалавека:
-Мой мандат – гэта акрэсліць сітуацыю з правамі чалавека, якія тэндэнцыі назіраюцца, пад якім пераследам знаходзяцца палітвязні. І тады ўжо палітыкі ці міжнародныя арганізацыі прымаюць адпаведныя рашэнні па ўвядзенні санкцый або перамовах. Не я буду весці перамовы з Лукашэнкам па вызваленні палітвязняў. Гэта ў мае паўнамоцтвы не ўваходзіць. Але мяркую, што гэтая інфармацыйная дзейнасць, каб гісторыі людзей, іх імёны і прозвішчы, якія несправядліва пацярпелі ад рэжыму, гучалі ў загалоўках. Хочам данесці канкрэтныя імёны, канкрэтныя гісторыі да палітыкаў, якія прымаюць рашэнні, і да ўсёй грамадскай супольнасці, каб яны бачылі, што адбываецца ў Беларусі.
Сярод іншага Нілс Муйжніекс агучыў звесткі пра мажлівыя новыя абмены палітзняволенымі з Беларусі:
-Я ведаю, што НДА даволі актыўна прапаноўвалі розныя прозвішчы еўрапейскім сталіцам, новай адміністрацыі ў Вашынгтоне. Ёсць некаторыя спадзяванні, што могуць адбыцца абмены палітвязнямі, але гэта ўсё ж такі не мой мандат, я ў гэтых палітычных дыскусіях не ўдзельнічаю. Яшчэ раз падкрэслю, што нават калі такія абмены адбудуцца, будуць працягвацца затрыманні новых людзей.

Нілс Муйжніекс падкрэсліў, што яго мандат разлічаны на тры гады. Цягам гэтага часу ён працягне маніторынг сітуацыі, прадстаўляючы рэгулярныя справаздачы Савету ААН па правах чалавека і іншым міжнародным арганізацыям. Дакладчык таксама зазначыў, што падтрымлівае цесны кантакт з большасцю беларускіх палітыкаў у выгнанні, а таксама з праваабаронцамі і прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






