У панядзелак у Вільню прыбываюць першыя жаўнеры нямецкай брыгады, піша Delfi. Асноўную групу ўпраўлення штаба 45-й брыгады Lietuva (Літва) складуць больш за 20 нямецкіх вайскоўцаў.
Разам з імі ў Вільню прыбудзе камандуючы сухапутнымі войскамі Узброеных сіл Германіі Альфонс Майс. Нямеччына плануе размясціць у Літве цяжкую брыгаду з трыма манеўранымі батальёнамі і ўсімі неабходнымі сродкамі, у тым ліку падраздзяленнямі баявога забеспячэння.
Чакаецца, што агулам у Літве размесцяцца каля пяці тысяч нямецкіх жаўнераў і цывільных. Асноўную частку брыгады мяркуецца перакінуць у Літву да 2026 года. Размяшчацца яны будуць у двух месцах — на палігоне ў Руднінкай (за 20 км ад беларускай мяжы) і ў Руклях (на паўночны ўсход ад Коўна).