BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Новае абвінавачанне пракуратуры Польшчы ў шпіянажы

Пракуратура Польшчы звінаваціла ў шпіянажы на карысць расейскай выведкі двух грамадзян РФ – былога каардынатара «Адкрытай Расеі» Ігара Рогава і яго жонку Ірыну. Гэта вынікае з паведамлення пракуратуры ад 13 кастрычніка.

У заяве пракуратуры не згадваюцца прозвішчы абвінавачаных, толькі першая літара, але СМІ лічаць, што гаворка ідзе пра Рогавых, затрыманых у Польшчы ў 2024 годзе. Пра абвінавачанні, прад’яўленыя Рогаву, стала ведама ў снежні 2024-га, але да гэтага часу пракуратура не раскрывала падрабязнасці.

Па версіі абвінавачання, Ігар Рогаў у лютым-жніўні 2022 года супрацоўнічаў з ФСБ і перадаваў праз сваю жонку расейскай спецслужбе інфармацыю пра расейскіх апазіцыянераў у Польшчы.

Акрамя таго, Ігара Рогава звінавацілі ў стварэнні пагрозы грамадскай бяспецы шляхам падрыву. Па версіі пракуратуры, Рогаў у ліпені 2024 года ў складзе групы расейцаў і ўкраінцаў удзельнічаў у перапраўцы пасылкі з выбуховай прыладай. Пасылку знайшлі на складзе кур’ерскай кампаніі ў Лодзінскім ваяводстве.

Пракуратура накіравала абвінаваўчае заключэнне супраць Рогавых у суд.

Ігар Рогаў у 2017 годзе быў намеснікам каардынатара штаба Аляксея Навальнага ў Саранску.

Беларускае Радыё Рацыя