Аляксандар Лукашэнка падпісаў Закон «Аб змене законаў у пытаннях рэгулявання грамадзянскага судаводства і грамадзянскіх праваадносін». Дакумент прыводзіць больш за 50 законаў «у адпаведнасць з нормамі Грамадзянскага кодэксу і Кодэксу грамадзянскага судаводства», уведзенымі з 1 студзеня.

Сярод іншага, змены тычацца партыяў і аб’яднанняў – ад іх стварэння да перадачы ў даход дзяржавы іх маёмасці пасля ліквідацыі, а таксама паўнамоцтваў работнікаў юстыцыі і іншага.
Паводле юрыдычнага дарадца Святланы Ціханоўскай Леаніда Марозава, найбольш трывожныя з гледзішча грамадзянскіх і палітычных правоў змены ў заканадаўстве аб палітычных партыях. «Пасля неправамернай ліквідацыі ўсіх апазіцыйных партыяў усякае ўскладненне працэдуры іх стварэння фактычна замацоўвае немагчымасць грамадзянам удзельнічаць у дзяржаўных справах праз выбар сваіх прадстаўнікоў і прадстаўніц», – кажа Марозаў.
Нагадаю, што пасля 2020 году ў Беларусі была скасаваная рэгістрацыя ўсіх апазіцыйных палітычных партыяў, пакінулі для праформы толькі некалькі праўладных. Але ўладам і гэтага падаецца мала, нават у сённяшняй сітуацыі яны перастрахоўваюцца, і на будучыню ўскладняюць працэдуру рэгістрацыі палітычных партыяў.
Таксама ўводзяцца нормы, якія ўскладняюць фінансаванне арганізацыяў з-за мяжы і супрацу з замежнымі партнёрамі. Яшчэ больш складана будзе атрымаць дапамогу з-за мяжы, якая можа трактавацца як фінансаванне экстрэмізму.
Іншыя змены ў заканадаўства тычацца гаспадарчых і эканамічных нормаў, але і тут прасочваецца тая ж тэндэнцыя на павелічэнне кантролю з боку дзяржавы. Напрыклад, дадатковая адказнасць заснавальнікаў камерцыйных арганізацый за даўгі.
У Беларусі даўно забытыя і неактуальныя законы і палажэнні 1990-ў гадоў, якія былі даволі спрыяльнымі для развіцця бізнесу. Тады найбольш распаўсюджанай формай прадпрымальніцтва былі ТАА (таварыствы з абмежаванай адказнасцю). Чалавек, які пачынаў бізнес, ня нёс уласную матэрыяльную адказнасць у выпадку, калі гэты бізнес правальваўся. Цяпер новымі папраўкамі ўзмацняецца норма, калі заснавальнік фірмы проста ўклаў свае сродкі ў статутны фонд, не ўдзельнічаў ніяк у кіраванні фірмы, не зрабіў ніякага злачынства, – тым ня менш можа несці адказнасць за шкоду, нанесеную іншымі людзьмі.
Гэта, вядома, зручна для рэпрэсіўнай судовай сістэмы. І гэта чарговая рыса не на карысць развіцця прадпрымальніцтва ў Беларусі.
Віталь Цыганкоў, Беларускае Радыё Рацыя






