BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Новая кадэнцыя КР — шанец вырашыць праблему адукацыі ў выгнанні”

Беларуская дыяспара рыхтуецца да выбараў у Каардынацыйную раду, і сёлета яны абяцаюць стаць не проста фармальнасцю, а спробай перазапусціць саму ролю гэтага органа. У гонцы ўдзельнічаюць новыя спісы і ініцыятывы, у тым ліку «Ваш Голас», які абяцае зрабіць стаўку на празрыстасць, самафінансаванне і практычныя рашэнні для беларусаў у выгнанні. Ці здольная Каардынацыйная рада стаць сапраўды эфектыўным прадстаўнічым органам? Хто і з якімі мэтамі ідзе на выбары? І ці можа КР паўплываць на вырашэнне канкрэтных праблемаў: напрыклад, адукацыі беларускіх дзяцей за мяжой?

Фота з архіва Андрэя Коласа

У нашым эфіры «Госць Рацыі» гісторык і лідар спісу «Ваш Голас», кандыдат у Каардынацыйную радуАндрэй Колас разважае пра будучыню выбараў, ролю сваёй каманды і пра тое, якой ён бачыць КР як інструмент уплыву і падтрымкі беларусаў у эміграцыі.

РР: Як Вы прыйшлі ў палітыку? З чаго пачыналі?

Андрэй Колас: Я ў Беларусі працаваў выкладчыкам спецыяльных турыстычных дысцыплін: маркетынга, менеджмента, эканомікі.  І паралельна таксама працаваў дырэктарам турыстычнага прадпрыемства “Маёнтак Падароск” і адраджаў спадчыну нашу, маёнтак. Рабіў музей беларускай шляхты ў Ваўкавыскім раёне. Але гэта ўсё ў 2021 годзе скончылася, і мне прыйшлося з’ехаць з Беларусі.

РР: Пару слоў пра спіс “Ваш Голас”, які прадстаўляеце. З якім пасылам вы ідзяце на выбары?

Андрэй Колас: Мой спіс адносна новы, адносна іншых спісаў, іншых кандыдатаў, якія балатуюцца. У маім спісе 19 чалавек, і толькі 4 з іх раней былі чальцамі Каардынацыйнай Рады, а 15 чалавек – гэта новыя твары беларускай палітыкі, новыя людзі, якія ідуць разам са мной у палітыку, умоўна кажучы. Заўважна, што цікавасць да палітыкі ўвогуле падае ў людзей і ў Беларусі, і па-за межамі Беларусі. Але гэта вельмі кепска, і не трэба апускаць рукі, трэба працягваць быць, жыць, удзельнічаць і думаць пра нашу будучыню.

РР: Пытанне беларускамоўнай адукацыі вельмі актуальнае не толькі ў самой Беларусі, але і ў выгнанні.У выпадку вашага абрання ў КР, які б першы практычны праект вы б рэалізавалі ў сферы адукацыі?

Андрэй Колас: Што тычыцца адукацыі, мне б хацелася рэалізаваць праект інтэграцыйных класаў. Я разумею, што адкрыццё Нацыянальнага ўніверсітэта за межамі Беларусі – гэта вельмі складаная рэч. Тое, што зараз робіць той жа Офіс Ціханоўскай, АПКБ, яны спрабуюць усюды прасоўваць ідэю стварэння Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта, нешта падобнае да ЕГУ. Але ж я разумею, што гэта хіба што правальны праект, таму што адкрыць універсітэт амаль немагчыма. Гэта трэба браць дазвол у парламента той краіны, дзе ты збіраешся гэта зрабіць. І краіны вельмі неахвотна адкрываюць універсітэты. І падрыхтоўваць у сябе чужыя эліты гэта нейкім чынам не пасуе. Любая краіна хоча наадварот інтэграваць студэнтаў у сваю супольнасць, а не падрыхтоўваць чужых студэнтаў.

Я б зрабіў простыя рэчы. Першае, што я буду спрабаваць зрабіць, як дэпутат КР, гэта прасоўванне інтэграцыйных класаў у простых школах, там, дзе пражывае вялікая дыяспара беларусаў. Я буду прасоўваць ідэю, каб у школах адчыняліся класы, дзе б вывучалася  беларуская мова, беларуская літаратура, геаграфія Беларусі і гісторыя Беларусі. Гэтыя чатыры прадметы. І я думаю, што гэта магчыма, тым больш што заканадаўства дазваляе гэта зрабіць. Самае галоўнае – знайсці паразуменне з уладамі тых краін. Чаму мне не падабаецца тое, што робіць Офіс або ПКБ, таму што я не бычу гэтых спроб. Я не кажу, што ў мяне гэта атрымаецца, але я буду гэта рабіць. Мая дачушка ходзіць у польскую школу, таму мне гэта баліць. І мне баліць не толькі за маю дачушку, а за ўсіх беларускіх дзяцей, якія хутка асімілююцца, інтэгруюцца ў грамадства, бо дзеці хутчэй за  дарослых успрымаюць іншую культуру. Дзеці – наша будучыня, і мы павінны нейкім чынам самазахавацца. І я прапаную ўсім, хто будзе прадстаўлены ў КР, далучыцца да маёй ініцыятывы і разам мы зробім гэта.

Цалкам гутарка:

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя