Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю агенцтву Bloomberg паведаміў, што прыняў прапанову ЗША правесці яшчэ адзін раўнд перамоў пра заканчэнне вайны з Расеяй на наступным тыдні.

Па словах украінскага прэзідэнта, на стале таксама знаходзіцца амерыканская ідэя «вольнай эканамічнай зоны» як буфера на Данбасе. Зяленскі таксама адзначыў, што любую міратворчую прапанову Украіна павінна зацвердзіць альбо праз галасаванне ў Вярхоўнай Радзе, альбо праз рэферэндум, а для перамір’я патрэбны кантроль пры ўдзеле ЗША — бакі яшчэ ўзгадняюць фармулёўку і дэталі.
Акрамя таго, Украіна плануе ўзмацніць перамоўную каманду эканамічным блокам: да дэлегацыі маюць прыцягнуць міністра эканомікі Аляксея Собалева для абмеркавання з ЗША эканамічнага аспекту пасляваенных дамоўленасцяў.






