Пакуль прапагандысты ў Беларусі прыдумляюць як яшчэ здзівіць электарат, каб пераманіць, ці хоць бы ўтрымаць на сваім баку, ашуканцы выкарыстоўваюць сітуацыю ў сваіх мэтах.
Для пачатку свежая інфармацыя – гарадзенская пенсіянерка аддала махлярам 15 000 рублёў.
Здавалася б – такіх навінаў поўны кош. Беларусы нават «нігерыйскім прынцам» давалі рады перавесці грошы за прададзеную кватэру. Але навізна сітуацыі ў тым, што для свайго ашуканства махляры выкарысталі вобраз Азаронка-малодшага. То бок прапагандыста.
Вось як іранічна рэагуе на падзею тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу»:
«Пенсіянерку не засмуціла, што прапагандыст за хвіліну ні каго не абразіў». А гэта ж першая прыкмета падробкі з дапамогай нейрасеткі».
Са свайго боку адзначу, што гераіня трагікамедыі не засмучалася тым, што Азаронак у відэа са сваёй персонай увесь час кагосьці абражае.
Тут больш важная заўвага пра нейрасетку. Я не здзіўлюся, што махляры спачатку проста забаўляліся з новай «цацкай», а пасля вырашылі дзеля жарту запусціць такі ролік.
А цяпер прыгадаем іншае махлярства, зусім не смешнае. Пару месяцаў таму да кабеты пенсійнага ўзросту ў Менску ўламіліся трое мужчын, прадставіліся супрацоўнікамі КГБ і зладзілі ператрус у кватэры ў пошуках наяўных грошай.
З улікам узросту і агульнай сітуацыі тэрору ў краіне падобная дзея магла скончыцца для жанчыны вельмі кепска.
Усё вышэй сказанае нагадвае пра фізічны баланс усяго з усім. Вам «інагада не да законаў» на варце Лукашэнкі? Вы займаецеся пераследам іншадумства? То атрымайце злачынствы пад новым соусам.
Прычым, калі выкарыстанне сітуацыі ператрусу як бы палітычнай «ахранкай», гэта яшчэ больш менш заканамерна, то вобраз адмарожанага сабачкі рэжыму пры дапамозе штучнага інтэлекту – гэта цалкам ноўхаў.
Пры тым, што чалавечая слабасць вельмі старая – мець даход, не прыклаўшы ні каліва свайго высілку.
У махлярскім відэа вобраз Азаронка рэкламуе інтэрнэт-пляцоўку, якая сама прыносіць даход. Маўляў, ты толькі кішэні падстаўляеш.
І куды ж без Расеі – як бы пляцоўка як бы належыць расейскаму канцэрну «Газпром».
Новыя часы – новыя кірункі руху.
Падчас глабальнай вайны з дапамогай штучнага інтэлекту можна рабіць справы не толькі на адрас наіўных пенсіянерак.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя