Расейскае выданне The Insider апублікавала поўны спіс асоб, якіх сёння перадалі адзін адному Расея і заходнія краіны ў рамках маштабнага абмену зняволенымі. У пераліку знаходзіцца і Рыка Крыгер – нямецкі грамадзянін, асуджаны ў Менску да смяротнага пакарання і памілаваны Лукашэнкам.

Абмен зняволенымі прайшоў у Анкары, паведаміў турэцкі тэлеканал NTV. У ім узялі ўдзел 26 чалавек з турмаў ЗША, Польшчы, Славеніі, Нарвегіі, Расеі і Беларусі. Па выніках абмену 10 чалавек паляцелі ў Расею, 13 — у Германію і трое — у ЗША. У абмене таксама ўдзельнічалі двое дзяцей. Гэта могуць быць дзеці расейскіх выведнікаў, якія жылі ў Славеніі.
Тым часам, Офіс Святланы Ціханоўскай выказаўся наконт абмену зняволенымі паміж Расеяй, ЗША і Нямеччынай: «Мы не ўдзельнічалі ў гэтых перамовах, і маем абмежаваную інфармацыю. На жаль, у нас няма сведчанняў, што гэты абмен мог бы прывесці да вызвалення беларускіх палітвязняў. Відавочна, што гэта былі перамовы з Масквой, і Беларусь у іх не ўдзельнічала. Мы вітаем факт вызвалення палітвязняў з расейскіх турмаў. Сам факт такога абмену вязнямі з’яўляецца важным прэцэдэнтам, які дапаможа і ў вызваленні беларусаў. Натуральна, абмен дзеля вызвалення прадугледжвае, што ёсць на каго ці што абменьваць. І гэта адрознівае беларускую сітуацыю ад расейскай».