Офіс Святланы Ціханоўскай правёў сустрэчу з прадстаўнікамі МЗС Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі. На ёй абмяркоўваліся новыя абмежаванні на перамяшчэнне праз мяжу, звязаныя з санкцыямі Еўразвязу. Прадстаўнікі Офіса перадалі дыпламатам прапановы пра выключэнні, якія б дазволілі беларусам ездзіць праз мяжу на сваіх аўтамабілях.

Пра гэта ў відэа-запісе распавёў дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка:
– Польшча пагадзілася, прыняла больш ліберальны падыход. Яна дазваляе ўезд на аўтамабілях не для продажу, калі ў салоне знаходзіцца ўласнік аўто. А таксама Літва адтэрмінавала выкананне рашэння і да сярэдзіны жніўня дазваляе таксама ўезд аўтамабілям, калі ўласнік у салоне. Што да Латвіі, Эстоніі, то яны пагадзіліся ўвесці гуманітарныя выключэнні. Як гэта будзе выглядаць пакуль невядома, але будзем рабіць усё магчымае, каб яны былі таксама шырокія. Тым жа беларусам, якія знаходзяцца на тэрыторыі Еўрапейскага звязу, мы рэкамендуем перарэгістраваць аўто на еўрапейскія нумары.
Ад пачатку ліпеня аўтамабілі з беларускімі нумарамі перасталі пускаць у Латвію і Эстонію. Аналагічныя меры (з адтэрміноўкай да 18 жніўня) уводзіць Літва. Польшча прапускае беларускія аўтамабілі, калі ў салоне ёсць уласнік.
Беларускае Радыё Рацыя