Гукі выбуху мясцовыя жыхары пачулі яшчэ некалькі дзён таму, але магчымыя тлумачэнні з’явіліся толькі цяпер.
Выбух было чуваць у Навабеліцкім раёне Гомеля 8 студзеня каля 2-й гадзіны ночы, Паведамляюць крыніцы выдання «Флагшток». Гукі, як кажуць крыніцы, даносіліся з поўдня Гомеля, але ані полымя, ані слядоў гарэння ніхто з іх не ўбачыў.
Пра сувязь выбухаў з падзеннем дрона можа сведчыць тое, што, паводле ўкраінскага маніторынгавага каналу, 8 студзеня ў 1:43 па менскім часе тэрыторыю Беларусі перасёк ударны беспілотнік.
Выданне звязалася з адным са спецыялістаў маніторынгавага канала, які адзначыў што ўкраінскія сродкі кантролю паветранай прасторы зафіксавалі перасячэнне мяжы беспілотнікам у раёне памежнага пераходу «Тры сястры» (на мяжы паміж Беларуссю, Украінай і Расеяй), пасля гэтага дрон даляцеў да Церахаўкі, пасля чаго ягоны сігнал быў страчаны.
У снежні ў Беларусь зайшлі ўсяго 145 расейскіх дронаў. Агулам жа цягам году іх было зафіксавана 395.