BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Падабенства сучаснай Беларусі з былымі сатэлітамі СССР

У любімым шмат кім з беларусаў гістарычным сюжэце пра Магілёў 1-га лютага 1661 году ёсць адна дэталь, на якую звычайна не звяртаюць увагу. Тады над горадам залуналі словы «Пара! Пара!». Месцячы паўсталі і знішчылі акупацыйны расейскі гарнізон. На факце што перад тым расейскія вайсковыя стаялі не адзін год і нікога не засмучалі, цяпер ніхто не засяроджваецца. Але аналогія з сённяшнім днём наўпроставая.

Былыя краіны сацыялістычнага лагеру ад Польшчы да колішняй Югаславіі прыблізна як магілёўскія месцячы паступова крок за крокам увязалі ў савецкай, лічы – расейскай, акупацыі.

Самым яскравым візуальным прыкладам застаецца пабудова Берлінскага муру. Узгадаем, што ад пачатку лінія размежавання на заходнюю і сацыялістычную Нямеччыну была ў простым сэнсе слова намаляванай на тратуарах і праездных частках. Чалавек мог спакойным крокам сысці з сацыялістычнага «раю», але не ўяўляў, што сітуацыя можа пагоршыцца. І што па перабежчыках будуць страляць.

Нядаўна мне давялося размаўляць з чалавекам, які сцвердзіў, што сітуацыя ў СССР 1970-х – пачатку 1980-хс была лепшая, чым цяпер у дыктатарскай Беларусі.

Мой адказ быў просты – пры ўсім цяпер з Беларусі можна і выехаць, і нават уцячы нелегальна.

З краінаў «сацыялістычнага лагеру» у розны час можна было так ці інакш выбрацца. Не проста, але ў кожным разе межы былі не такія жорсткія як у СССР.

Усе дзесяцігоддзі сацыялістычнай лагернасці ў названых краінах шчыравалі спецслужбы, заахвочвалася данасіцельства, людзей шантажавалі, пужалі, урэшце рэштаў саджалі. Часам бывалі пратэсты, якія крывава задушаліся.

Але варта было СССР пайсці трэшчынамі, як нібы зніадкуль на плошчах з’яўляліся дзясяткі і сотні тысяч чалавек.

Так, для таго, каб даспець да пэўнага разумення камусьці трэба хвіліна, камусьці месяц, камусьці не адзін год.

Магілёўскае паўстанне 1 лютага 1661 году адбылося калі сталася магчымым.

«Што ж вы раней не маглі», – магчыма, сказаў хтосьці з сучаснікаў. Калі змаглі, тады і зрабілі, не рызыкавалі дарма. Захавалі сябе і горад. Прблізна як краіны, акупаваныя СССР. Прыблізна як цяпер Беларусь.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя