Не паспела яшчэ высахнуць чарніла на пратаколах з выбарчых камісій пра чарговую “элегантную” перамогу, як па выпусках навін паляцелі паведамленні пра віншаванні новага-старога самапрызначанага прэзідэнта.

Чыноўнікі ўсіх рангаў адзін перад адным са скуры вылузваюцца, каб паказаць, якія яны звышлаяльныя і крэатыўныя. У Віцебску правялі аўтапрабег па горадзе, сабралі некалькі дзясяткаў машын, упрыгожылі іх сцягамі, наладзілі мітынг з бравурнымі ўрапатрыятычнымі прамовамі. Галоўныя лозунгі “Наша перамога – наш прэзідэнт!”, “За Бацьку!” кажуць самі за сябе.
Краўніцтва холдынга Менскага трактарнага завода не мудрагеліла і падарыла Лукашэнку трактар. Пры гэтым, калі меркаваць па сюжэце на тэлебачанні, вывела на плошчу перад заводам амаль усіх рабочых, раздала сцягі, загадала махаць…
Не магу ўявіць сабе такога ў якой-небудзь еўрапейскай краіне. Падкажыце, хто ведае, можа так віншуюць прэзідэнта Францыі, канцлера Германіі, прэм’ер-міністра Італіі? А можа падобным чынам віншуюць тамашніх манархаў, каралёў у Іспаніі, Нарвегіі, Даніі?
Аднак адну гістарычную паралель я ўсё ж такі бачу – са сталінскім Савецкім Саюзам. Менавіта там чыноўнікі і партыйныя функцыянеры пры любой нагодзе, дзе трэба і не трэба стараліся праславіць Сталіна, тым самым выказаць і сваю лаяльнасць. Прымушалі паэтаў пісаць вершы, складаць песні, загадвалі мастакам маляваць манументальныя карціны, скульптарам – ствараць велічныя помнікі, і ўсё – у гонар правадыра і генія ўсіх часоў і народаў.
Другая паралель – шматгадовы дыктатар Румыніі Мікалае Чаушэску.
Чым усё скончылася – памятаем добра. Стары дзед сканаў, не дачакаўшыся мінімальнай дапамогі, а яго наступнікі тут жа перасварыліся, дзелячы ўладу, а потым прылюдна аплявалі памяць пра свайго ранейшага куміра. Румынскага ж папросту расстралялі.
Гісторыя – штука няўмольная. Паралелі яна праводзіць па сваіх законах, абмінуць якія вельмі цяжка…
Рыгор Скамарох
Малюнак: proza.ru






