BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Падкаст «Зроблена ў Польшчы»: пра польскую палітыку па-беларуску

Аўдыторыя – пераважна беларусы, але заходзяць і палякі. У каментарах пішуць: цікава паслухаць па-беларуску пра польскую палітыку. Гэта падкаст «Зроблена ў Польшчы». Маўляў, так шмат беларусаў у Польшчы зараз жыве, што трэба разбірацца і ў мясцовых справах. Сувядоўцы: Кірыл — блогер, па адукацыі — спецыяліст па палітычным маркетынгу і Макс — блогер і медыяменеджэр. Адзін задае пытанні, другі тлумачыць і каментуе. Пытанні блогерам задае таксама Улад Грынеўскі.

РР: Будзем гаварыць пра развіццё блогасферы. Хто раскажа, адкуль узялася такая ідэя?

Макс: Давайце я распавяду сваю версію. Гэты падкаст распачаўся з таго, што я жыву ў Польшчы ўжо 4 гады. І мне стала зразумела, што польская палітыка ўплывае на маё жыццё. Мінулым кастрычнікам я назіраў за тым, што адбываецца ў Польшчы, за парламенцкімі выбарамі. І неяк падпісаўся на Кірыла. Я чытаў яго допісы. Ён вельмі добра распавядаў пра тое, што ўвогуле адбываецца. На мяне валіліся навіны з сацыяльных медыя, з нейкіх сайтаў пра тое, што ідуць нейкія выбары, нейкія скандалы, нейкія працэсы ідуць, але нічога не было зразумела.

Кірыла гэта ўсё распавядаў на беларускай мове вельмі даступна для людзей, якія ўвогуле нічога не разумеюць. Я чытаў і бачыў, як у Кірыла расце вельмі хутка аўдыторыя. Глядзеў-глядзеў і нядаўна ў мяне з’явілася думка прапанаваць Кірылу рабіць сумесны падкаст. Я проста напісаў яму прыватнае паведамленне ў твітары. Кірыл на гэта пагадзіўся. І вось мы ўжо выпусцілі тры выпускі, такімі ўдарнымі тэмпамі ідзём.

Мой інтарэс такі: я нічога не ведаў, мне падалося, што шмат людзей зараз жыве ў Польшчы, якія таксама нічога не ведаюць пра польскую палітыку. Чытаць польскія навіны таксама ўжо можна, але ўсё ж такі яны не для пачаткоўцаў. Трэба ведаць пэўны кантэкст. Таму мне падаецца, даволі актуальна, і мне асабіста, і для людзей, якія жывуць у Польшчы.

РР: Я так зразумеў, што да гэтага вы не былі знаёмы. Такім чынам, можна проста напісаць другому чалавеку: а давай нешта замуцім. І так пачаць.

Макс: Так, мы не былі знаёмы раней.

Кірыл: Насамрэч Макс усё добра распавёў. Я апошнія два гады актыўна сяджу ў твітары. І асабліва пра палітыку не пісаў. Але ў кастрычніку адбываліся выбары, вельмі важныя, і такія, можна сказаць, эпахальныя. Грамадства было вельмі моцна палітызаваным. На хвалі гэтага я пачаў пісаць трэды, проста дзяліцца асабістымі ўражаннямі пра тое, што адбываецца. Бо я бачыў, як беларусы рэагуюць на тое, што адбываецца. І мне стала зразумела, што людзі, асабліва тыя, хто нядаўна прыехаў, яны не занадта ведаюць кантэкст, не занадта ведаюць палітычную сістэму ў Польшчы. Мне хацелася данесці гэта людзям.

І людзі пачалі падпісвацца вельмі актыўна, і ў нейкі момант, недзе там на стыку двух гадоў, каля Калядаў людзі пачалі актыўна пісаць: Кірыл, давай стварай дадатковы кантэнт, рабі відэа, рабі падкаст, ці стварай тэлеграм-канал. Але праз тое, што ў мяне проста не было досведу ў гэтым, я не медыйны чалавек, я пачаў нешта спрабаваць рабіць, але калі “ручкі растуць не з таго месца”, то нічога добрага не зробіш. І вось я так мыкаўся пару месяцаў. Нічога ў мяне не атрымоўвалася. І як падарунак з нябёс мне зваліся Макс, які сам да мяне напісаў. Ну і насамрэч мне падаецца, што ў нас атрымліваецца добра.

Цалкам размова:

Вырашылі распавядаць пра механізмы і цікавосткі палітычнай сістэмы Польшчы. Так аўтары акрэсліваюць сваю працу. Аўдыторыя пашыраецца, а праект «Зроблена ў Польшчы» знойдзем на ютубе ды іншых сацыяльных платформах.

Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя