Гэта першы дакумент, які замацоўвае супрацоўніцтва дэмакратычных сіл Беларусі з афіцыйным замежным палітычным органам.

Ліст аб намеры супрацоўніцтва падпісаны сёння, 4 траўня, на Мальце кіраўніцай Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святланай Ціханоўскай і старшынёй Еўрапейскага парламента Рабертай Метсола.
У дакуменце адзначаецца, што Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі і Каардынацыйная рада павінны разглядацца міжнароднай супольнасцю як прадстаўнікі народа Беларусі.
Таксама дэкларуецца падтрымка дзейнасці асноўных палітычных структур дэмакратычнага руху Беларусі ў напрамку еўрапейскага выбару: Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі і палітычных партый Беларусі аб еўрапейскіх памкненнях беларусаў.

Падпісаны дакумент акрэслівае практычныя напрамкі дзейнасці беларускіх дэмакратычных сіл і Еўрапарламента:
– узаемадзеянне і падтрымка ціску на рэжым;
– падтрымка дэмакратычнага руху Беларусі ў абароне суверэнітэту, незалежнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці ад пагроз з боку Расеі;
– садзейнічанне ў вырашэнні міграцыйных праблем беларусаў, якія былі вымушаны пакінуць Беларусь па палітычных прычынах;
– намаганні для прыцягнення прадстаўнікоў рэжыму да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі, а таксама за саўдзел у вайсковых злачынствах і злачыннай агрэсіі супраць Украіны.
Праца над дакументам вялася прадстаўніком па замежных справах Кабінета Валерам Кавалеўскім разам з дарадцам Святланы Ціханоўскай Анатолем Лябедзькам і кіраўніком Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі Уладзімірам Астапенкам.
@CabinetBelarus






