BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Падвойны ўдар”

У першыя дні вайны РФ ужыла ва Украіне на Данеччыне тактыку double tap – «падвойны ўдар». Гэтае паняцце вядома амаль сто гадоў, але ўжывалася толькі ў кантэксце стралковай зброі: тэхніка, калі два стрэлы ідуць адзін за адным для дакладнасці і эфектыўнасці выніку. У наш час гэтую тэхніку выкарыстоўваюць і адносна іншых нападаў – ракетных, артылерыйскіх і авіяўдараў.

Падвойным ударам, або тактыкай “двух хваль”, РФ паражае або вайсковы, або грамадзянскі (што бывае найчасцей) аб’ект, потым чакае прыбыцця ратавальнікаў, медыкаў, паліцыі і зноў атакуе гэты ж аб’ект. Калі размова ідзе пра ваенную цэль, то нанясенне першага ўдару, хутчэй за ўсё, не лічыцца парушэннем міжнароднага гуманітарнага права, але калі на месца выязджаюць ратавальныя службы, і менавіта другая атака накіравана на забойства іх персаналу, то гэта з’яўляецца ваенным злачынствам, паколькі ратавальнікі, медыкі, а таксама валанцёры – гэта не вайскоўцы.

Большасць расейскіх нападаў па Украіне трапляюць пад азначэнне “тэрарызм”. За апошнія некалькі дзён Расея ўжыла тактыку падвойных удараў у Харкаве і Запарожжы, дзе загінулі ратавальнікі і былі параненыя ўкраінскія журналісты. Чаму афіцыйная асоба ў ААН асудзіла атаку ўкраінскіх дронаў на завод па вытворчасці “шахедаў” у Татарстане, называючы яго “грамадзянскай інфраструктурай”?

Хаця гэтая асоба потым выкруцілася, што нібыта не зразумела пытання. Чаму сусветныя палітыкі назіраюць за знішчэннем украінцаў, затрымліваючы ваенную дапамогу? Занепакоенасць Захаду ўжо стала мемам. Бо зусім іншая справа – абурацца ўдарамі па нафтаперапрацоўчых заводах у РФ.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя