BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Падзеі тыдня ў аглядзе Севярына Квяткоўскага

Лукашэнка выпусціў на волю шэраг палітзняволеных, атакі мігрантаў на польскую мяжу заўважна зменшыліся, у ЗША разгараецца перадвыбарчая гонка. Ці паўплывае ўнутры амерыканскі палітычны расклад на падтрымку Украіны?

_______________________________________

Ніхто дакладна не ведае колькасць беларускіх палітычных зняволеных, альбо хутчэй – закладнікаў рэжыму Лукашэнкі. Па дакументах праваабаронцаў – паўтары тысячы, але дэ-факта гаворка можа ісці і пра ўсе пяць тысяч. 

Гэта каласальная лічба для любой краіны, а тым больш для Беларусі, дзе даўно ўжо няма і дзесяці мільёнаў насельніцтва.

Сваіх апанентаў Лукашэнка не проста пераследуе з маніякальнай апантанасцю. Лукашэнка помсціць, помсціць і помсціць. У турмы за нелаяльнасць да дыктатуры кінутыя сярод іншых цяжкахворыя. Вось іх і збіраўся вызваліць Лукашэнка падчас сваёй публічнай прамовы 3-га ліпеня.

Цяпер называюць лічбу ў 18 вызваленых. Апублічанае адно імя – экс-кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які мае анкалагічнае захворванне.

Яшчэ нядаўна падавалася, што Лукашэнка спаліў усе масты, і што перамовы з ім не магчымыя, у тым ліку і па вызваленні палітзняволеных. Бо раней дыктатар браў закладнікаў, а пасля гандляваўся з Захадам, вытаргоўваючы сабе тыя ці іншыя прэферэнцыі.

З уваходам у вайну супраць Украіны на баку Расеі Лукашэнку ўжо няма пра што гандлявацца. Так здавалася шмат каму з аглядальнікаў. Сёння пашыранае меркаванне, што на Лукашэнку праз Расею націснуў Кітай, а да Кітая звярнулася Польшча з папярэджаннем, што можа закрыць чыгуначнае спалучэнне з Беларуссю. 

Гэта значыць, што кітайскія тавары ў Еўропу спыняць свой наземны рух. 

Такім чынам, мяркуецца, што праз вызваленне палітзняволеных Лукашэнка шле сігнал пра сваю здатнасць да перамоваў.

_______________________________________

Тым часам сацыёлаг Генадзь Коршунаў адзначае, што рэзка знізілася колькасць атак на польскую і літоўскую межы з боку мігрантаў. Здаецца, яшчэ адзін сігнал Лукашэнкі пра здатнасць дамаўляцца. Але не, проста паток перакіраваны на мяжу з Латвіяй.

У прынцыпе была і застаецца загадкай самастойнасць Лукашэнкі. Дзе ён сам прымае рашэнне, а дзе яму настойліва раяць з Масквы.

_______________________________________

Расследвацельскі цэнтр на чале з Хрыста Грозевым на мінулым тыдні апублікаваў даклад пра тое, што Расея пачала паўнамаштабную інфармацыйную спецаперацыю з мэтай пасеяць у Еўропе варажэчу супраць украінцаў. 

А разам на мэце справакаваць незадаволенасць наагул украінскай тэмай і выклікаць абурэнне грамадзянаў сваімі ўрадамі, якія дапамагаюць Украіне ў барацьбе супраць расейскай агрэсіі.

Адзін з прыёмаў – стварэнне як бы праўкраінскіх арганізацый, якія маюць паводзіць сябе нахабна, каб выклікаць непрыняцце людзей.
_______________________________________

ЗША сыходзяць унутр сябе, пакідаючы Еўразвяз сам на сам з “украінскім пытаннем”. Прыблізна так можна ахарактаразаваць настрой не малой часткі палітычных аглядальнікаў. Байдэн у тым узросце і стане здароўя калі ў кожны момант можа пайсці з жыцця, а Трамп непрадказальны ў прынцыпе. 

Тым часам Расея валодае амаль бясконцай жывой сілай, падпарадкаванай таталітарнаму дзяржаўнаму механізму. Ні выбары, ні палітычныя дэбаты, ні іншыя дэмакратычныя працэдуры не стаяць на шляху ў трактара, які завёўся і прэ сабе па-ціху наперад. 

Лёс Украіны па-ранейшаму моцна залежыць ад палітычных працэсаў у ЗША і Еўразвязе.

Парадуемся за нашых суайчыннікаў, якія выйшлі на свабоду. Памятаем пра тысячы іншых ахвяр палітычнага пераследу. Падтрымліваем адзін аднаго ўнутры краіны і за мяжой. 

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя