BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Пагрозы атрымліваюць як Ціханоўская, так і супрацоўнікі яе Офіса”

З моманту аб’яўлення аб зніжэнні ўзроўню аховы Святланы Ціханоўскай у Літве, яе Офіс сутыкнуўся з узмацненнем ціску з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, заявіў дыпламатычны саветнік дэмакратычнай лідаркі Дзяніс Кучынскі.

Фота: Наша Ніва

“Практычна кожны дзень супрацоўнікі КДБ звязваюцца з нашымі супрацоўнікамі, пагражаюць іх сваякам у Беларусі і здзяйсняюць кібератакі. Пагрозы атрымліваюць як асабіста Святлана Ціханоўская, так і супрацоўнікі яе Офіса”, — цытуе Кучынскага Delfi са спасылкай на агенцтва ELTA.

Дзяржаўная прапаганда “таксама выкарыстоўвае гэтую сітуацыю для ўзмацнення ціску на ўсю дэмакратычную супольнасць”, сказаў ён.

Пра тое, што Літва змяншае ровень фізічнай аховы Ціханоўскай, якая разам з сям’ёй пражывае ў Вільні, стала вядома 7 кастрычніка мінулага года. Афіцыйная прычына — рэвізія ступені пагроз. 19 снежня стала вядома, што ахову Ціханоўскай у Літве будзе забяспечваць мясцовая паліцыя.