Словы новага прэзідэнта Караля Наўроцкага «Польшча для палякаў» занепакоілі беларусаў, якіх дыктатар Лукашэнка выціснуў з краіны. Пры прэзідэнту Анджэю Дуду Польшча актыўна падтрымлівала беларускіх эмігрантаў, асабліва пасля 2020 года. Але пра тое, што можа змяніцца пры Каралі Наўроцкім, мы пагаворым з госцем Беларускага Радыё Рацыя доктарам паліталогіі Паўлам Усавым.

РР: Спадар Павел, што можна чакаць беларусам Польшчы ад новага прэзідэнта Караля Наўроцкага?
Пввел Усаў: Трэба разумець тое, што Польшча – гэта парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка, дзе ключавую ролю ў афармленні знешняй і ўнутранай палітыкі грае ўрад, які абіраецца і фармуецца парламенцкай бальшынёй. І на сёння ўрад сфармаваны з прадстаўнікоў кааліцыі, можна так сказаць, леваліберальнай. Гэта прадстаўнікі сельскай партыі, і ліберальныя партыі, большасць іх, і прм’ер-міністр “Грамадзянскай платформы” Туск, і менавіта ўрад акрэслівае галоўныя падыходы ва ўнутранай і ў знешняй палітыцы. Прэзідэнт мае да гэтага дачыненне, але хутчэй з уласнай ініцыятывы, не насуперак ураду. Ён не можа, напрыклад, прыняць рашэнне па візах, ён не можа прыняць рашэнне ці зачыняць мяжу, ці яе адчыняць, ён не можа прымаць рашэнні ці спрасціць працэдуру атрымання беларусамі ці іншымі эмігрантамі дакументаў больш хутка і з меншымі праблемамі і цяжкасцямі. Так, прэзідэнт можа надаваць грамадзянства з уласнага жадання. Але гэта іншая працэдура, якая цягнецца вельмі доўга, і тут незалежна ад таго хто і ад якой партыі з’яўляецца прэзідэнтам, не ўплывае на дадзены працэс.
Так, прэзідэнт можа ініцыяваць некаторыя палітычныя крокі, звязаныя з адчыненнем, напрыклад, больш палітычнай прасторы для беларусаў ці ўкраінцаў, але ўсё адно ў сэнсе заканадаўчым, у сэнсе прававога рэгулявання, усе гэтыя рашэнні прымаюцца ўрадам, міністрамі. Перш за ўсё міністрам унутраных спраў і адміністрацыяй. Таму для беларусаў замена аднаго прэзідэнта на іншага нічога асабліва не зменіць, Анджэй Дуда таксама быў прадстаўніком PIS, і яго крытыкавалі за тое, што ён фактычна безвольна выконваў усе загады партыі PIS, калі ў іх была бальшыня.
Мы бачым, што палітыка ў дачыненні да беларусаў залежыць збольшага ад таго, як разгортваецца сітуацыя на мяжы. Таму я яшчэ раз падкрэслю, што нейкіх радыкальных зменаў, сур’ёзных зменаў, прававых зменаў у дачыненні да беларусаў, калі мы кажам пра беларусаў, з прыходам новага прэзідэнта той жа кансерватыўнай партыі нічога не зменіць.
Адзінае, што варта падкрэсліць, што зараз у Польшчы назіраецца пад’ём антыміграцыйных, праварадыкальных груп, арганізацыяў. Адзін з такіх яскравых прадстаўнікоў – гэта Браўн, які вядомы сваімі супярэчлівымі, даволі скандальнымі заявамі адносна мігрантаў. І хіба тыдзень ці два па ўсёй Польшчы прайшлі антыміграцыйныя хвалі-пратэсты, якія былі арганізаваныя вось гэтымі праварадыкальнымі групамі. І ўжо ёсць на бытавым узроўні стаўленне грамадзян Польшчы да грамадзян Украіны. І можна часта пачуць непрыемныя выказванні пад адрасам украінцаў. Вось гэта найбольш небяспечнае, бо пакуль што не бачна эфектыўнага супрацьдзеяння ўраду ў дачыненні да такіх даволі негатыўных з’яваў з боку часткі радыкальнай супольнасці Польшчы.
Збольшага Польшча пакуль, як і грамадства, і ўрад, і ўлада застаюцца вельмі адкрытымі да Беларусаў, і ў прыватнасці няма такой дыскрымінацыйнай палітыкі. Хоць нават у межах Еўразвязу з Чэхіяй, Нямеччынай Польшча ўсталявала пункты пропуску менавіта з прычыны такой негатыўнай крызіснай з’явы з боку мігрантаў, асабліва з Азіі і Лацінскай Амерыкі. Апошнім часам былі выпадкі атакаў з боку мігрантаў менавіта з краінаў так званага трэцяга свету. Але пакуль што да беларусаў стаўленне на роўні штодзённага жыцця пазітыўнае. Спадзяюся, што гэтае стаўленне не зменіцца.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






