BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Паліна Бродзік: Абмяркоўваем агульную канцэпцыю міжнародных стасункаў

Міжнародная камісія Каардынацыйнай рады зараз працуе над агульнай канцэпцыяй міжнародных стасункаў, якая мае аб’яднаць канцэпцыі ўсіх дэмакратычных сілаў Беларусі. Гэта будзе такая першая спроба – злучыць усе канцэпцыі міжнароднай палітыкі.

Фота з Фэйсбука Паліны Бродзік

«Працягваем кантакты з замежнымі партнёрамі, а таксама рыхтуем шэраг дакументаў”, – пра актуальны стан спраў у міжнароднай камісіі КР кажа яе старшыня Паліна Бродзік.

-Канкрэтна зараз у нас ідзе абмеркаванне таксама з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам, з Офісам Святланы Ціханоўскай агульнай канцэпцыі міжнародных стасункаў. Агульнай – я маю на ўвазе для ўсіх дэмакратычных сілаў. Таму што на дадзены момант у нас хутчэй у адным накірунку ідучая канцэпцыя, але ў кожнага свая. У тым сэнсе, што яна не была ўзгоднена. І гэта можа стаць, бадай, ці не першы дакумент такога роўню, настолькі комплексны, які б падагульніў усе нашыя высілкі.  

Міжнародныя кантакты ды лабіраванне беларускай павесткі – адзін з моцных кірункаў дзейнасці беларускіх апазіцыйных структур за мяжой (Каардынацыйнай рады, Офіса Святланы Ціханоўскай ды Народнага Антыкрызіснага Упраўлення). Тут як прыярытэт гучыць пытанне вызвалення беларускіх палітвязняў ды санкцыі супраць афіцыйнага Менску.

Беларускае Радыё Рацыя