BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Паліна Бродзік: Мы камунікуем з людзьмі, спрабуем выпрацоўваць новыя падыходы

Госця Радыё Рацыя – Паліна Бродзік, прадстаўніца Каардынацыйнай рады і прадстаўніца Free Belarus Center. Пра Каардынацыйную раду і выбары ў яе  з Палінай размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: Пра Каардынацыйную раду можна гаварыць з розных пунктаў гледжання. Можна гаварыць з пункту гледжання палітычных скандалаў, інтрыг, расследаванняў, а можна гаварыць з пункту гледжання паліталогіі, якое месца КР сёння займае ў палітычнай прасторы Беларусі. Паліна, вось вам якая больш цікавая інфармацыя пра Каардынацыйную раду?

Паліна Бродзік: Я дакладна не схільная да каспіралагічных тэорый і хутчэй разглядаю Каардынацыйную раду і з пункту гледжання эфектыўнасці яе працы, і з пункту гледжання паліталагічнай тэорыі ў пэўным сэнсе, але з разуменнем таго, як гэта тэорыя ператвараецца ў будучую палітычную культуру ў Беларусі. Што я маю на ўвазе пад гэтым? У першую чаргу, канешне, мне падаецца, мы ніколі так шмат не абмяркоўвалі, што адбываецца ў беларускім парламенце, я прынамсі дакладна, бо нікому гэта не было цікава, бо ніхто не ведаў, што робіць беларускі парламент агулам. Публікаваліся навіны, што прынятыя законы, але ніякай камунікацыі да гэтага, ніякай публічнай кампаніі па гэтых законах раней не было. І ў прынцыпе ўсе пасяджэнні былі закрытымі і не даводзіліся да шырокага кола людзей.

Што адбываецца зараз? Мы камунікуем з людзьмі, мы спрабуем выпрацоўваць новыя падыходы, мы спрабуем павышаць цікавасць і абазнанасць у палітычнай культуры Беларусі. Мы спрабуем падштурхоўваць развіццё палітычных рухаў, палітычных партый, што, канешне, даецца няпроста, таму што досведу такога ў беларусаў асабліва няшмат, прынамсі пасля 90-х. Акрамя таго не будзем забывацца на тое, што мы сабраліся не для таго выбудоўваць там квазі-інстытуты на будучыню, але тым не менш мы спрабуем усё ж такі  займацца больш прыкладнымі рэчамі. Напрыклад, літаральна паўмесяца таму Каардынацыйная рада, а калі казаць канкрэтней, міжнародная камісія Каардынацыйнай рады, запускала апытанне сярод беларусаў на тэму таго, якія яны бачаць праблемы з легалізацыяй, ці знаходжаннем на тэрыторыі Польшчы, ці перасячэнні мяжы Польшчы і Беларусі, для таго, каб потым абагульніць усе гэтыя парады ад беларускіх грамадзян ці то заўвагі і запрапанаваць рашэнні для польскага новага ўраду.

Акрамя таго мы, безумоўна, разлічваем на супрацу не толькі з польскімі палітыкамі, дзе ў прынцыпе знаходзіцца вялікая колькасць чальцоў Каардынацыйнай рады, але таксама і з іншымі краінамі. Вядзецца пастаянная камунікацыя з Еўразвязам і з ЗША. Адбываліся слуханні на тэму палітвязняў, адбываліся слуханні на тэму еўраінтэграцыі Беларусі ў будучыні і асобна былі слуханні са справаздачай Аб’яднанага пераходнага кабінета перад Кардынацыйнай радай, якія былі публічныя таксама і за якімі маглі назіраць усе жадаючыя і даведацца, чым займаецца Аб’яднаны пераходны кабінет.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з Фэйсбука Паліны Бродзік