Напярэдадні Новага года мы вырашылі пацікавіцца, як уладкоўваюцца нашы палітвязні за мяжой, што думаюць пра новыя вызваленні і праблемы, якія ўзнікаюць у сувязі з гэтым.

Мы пагаварылі з Госцяй Рацыі, вядомай актывісткай і палітыкам, былой палітзняволенай Палінай Шарэндай-Панасюк.
РР: Як вы ўладкаваліся ў жыцці пасля вызвалення?
Паліна Шарэнда-Панасюк: Наўрад ці тут можна казаць пра ўладкаванне. Я проста вярнулася да нармальнага жыцця. Дзеці, сям’я. Проста вяртанне да таго жыцця, якім я жыла да захопу ў палон.
РР: Але да захопу ў палон вы яшчэ актыўна займаліся палітычнай дзейнасцю. Як цяпер з гэтым справа?
Паліна Шарэнда-Панасюк: Зразумела, што займацца той палітычнай дзейнасцю, якой я займалася ў Беларусі можна толькі ў Беларусі. За мяжой, канешне, гэта ўжо зусім іншая дзейнасць. Яна таксама звязана з палітыкай. Канешне, я працягваю сябе лічыць беларускім палітыкам, але гэта ўжо іншы ўзровень, іншыя мажлівасці і іншыя метады ў параўнанні з тымі, якія былі ў Беларусі.
РР: Чым зараз вы займаецеся дзеля таго, каб у Беларусі адбыліся змены?
Паліна Шарэнда-Панасюк: На дадзены момант я актыўна сустракаюся з еўрапейскімі палітыкамі, ад якіх залежыць знешняя палітыка Еўразвяза ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Я заклікаю, каб працягваўся ціск на гэты рэжым, каб не было зняцця санкцый, таму што рэжым гэты небяспечны для ўсёй Еўропы, я даношу гэта таксама да еўрапейцаў.
РР: З кім вы сустракаліся з еўрапейскіх чыноўнікаў, каму даводзілі сваю пазіцыю?
Паліна Шарэнда-Панасюк: Гэта былі нядаўнія сустрэчы ў Еўрапейскім парламенце з высокага рангу чыноўнікамі. Таксама я сустракалася з еўрапейскімі амбасадарамі і, канешне, з грамадскімі дзеячамі, журналістамі, якія таксама ўплываюць на грамадскую думку ў Еўропе, каб гэтая думка была прыязная для Беларусі, для беларускага дэмакратычнага руху.
РР: Вы просіце ціснуць далей на рэжым, але не ўсе з гэтым згодныя. Частка беларускіх палітыкаў лічыць, што зацягванне паска выкліча толькі тое, што Беларусь цалкам падпадзе пад уплыў Расеі. Гэтак, напрыклад, лічыць каманда Бабарыкі-Калеснікавай. Гэтак лічыць Зянон Пазьняк.
Паліна Шарэнда-Панасюк: Каманда Бабарыкі – Калеснікавай ужо праявіла сябе на нядаўняй прэс-канферэнцыі, проста зганьбілася, не даючы выразнага адказу на пытанне «чый Крым». Гэта як лакмусавая паперка. Гэтыя людзі не могуць заняць выразную пазіцыю ў гэтай агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны, яны кажуць, што там яшчэ не ўсё адназначна. Пасля гэтай канферэнцыі якое яны маюць маральнае права падаваць сябе як асобы, якія будуць вызначаць палітыку дэмакратычнага руху Беларусі. Хто яны такія? Ні Марыя Калеснікава, ні Віктар Бабарыка да 2020 года ў палітыцы практычна ўдзелу не бралі. Марыя Калеснікава жыла ў Германіі. Віктар Бабарыка, пры добрай пасадзе, ледзьве не ганарыўся грамадскім ладам у Беларусі.
Зянона Пазьняка вельмі паважаю як палітыка, ён шмат зрабіў у канцы 80-х пачатку 90-х для адраджэння нацыянальнай свядомасці беларусаў, але чалавек ужо 30 гадоў не быў у Беларусі, і я не ўпэўнена наколькі ён арыентуцца ў тым, што адбываецца ў Беларусі, наколькі ўсе ягоныя выказванні сфармаваныя яго ўласнай думкай, а не нехта укладае гэта ў вушы Зянону Пазьняку. Я са здзіўленнем пачула, што Зянону Пазьняку ад Лукашэнкі было віншаванне. Пра што тут далей можна казаць.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






