Пра катаванні палітычных зняволеных у Беларусі гаварыла сярод іншага былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк у Еўрапейскім парламенце. Сёння ў Страсбургу адбылася спецыяльная пленарная сесія Еўрапарламента, прысвечаная Міжнароднаму дню жанчын, на яе адкрыцці выступіла Святлана Ціханоўская. Сваю прамову яна прысвяціла ролі жанчын у змаганні за дэмакратыю і свабоду, падкрэсліўшы гераізм жанчын, якія супрацьстаяць рэпрэсіям і вайне.

Таксама выступіла Паліна Шарэнда-Панасюк, якая заклікала да яшчэ большага ціску на рэжым Лукашэнкі:
-Я заклікаю да ўзмацнення ціску, рэальнага ціску на гэты рэжым. Не толькі праз увядзенне новых санкцый і дасканалага кантролю над іх ажыццяўленнем. Супраць рэжыму мусяць быць уведзены паўнавартасная блакада і гандлёвае эмбарга на падставе 33 артыкула Статута Міжнароднай арганізацыі працы. Праз канцлагер пад назвай Беларусь не павінна быць ніякага транзіту тавараў, якія ідуць у Еўропу з Кітая і іншых краінаў Усходу. Рэжым павінен стаць поўным ізгоем у палітычным, эканамічным і спартовым плане.

«Вы можаце дапамагчы нам вызваліць нашых сяброў і нашых лідараў, якія сёння знаходзяцца ў турмах. Вы можаце дапамагчы Еўропе пазбавіцца ад злачынцаў, якія развязалі крывавую вайну супраць Украіны – Лукашэнкі і Пуціна», – заявіла Паліна Шарэнда-Панасюк.
Беларускае Радыё Рацыя






